Donate
Philosophy and Humanities

Пол Гудман. Развагі аб анархісцкім прынцыпе

tmshpiatlia09/11/24 01:19175

Анархізм засноўваецца на досыць пэўным сцвярджэнні: значныя паводзіны ўзнікаюць толькі ў выніку свабоднай і непасрэднай рэакцыі асобных людзей або добраахвотных груп на ўмовы, створаныя гістарычным асяроддзем. Анархізм сцвярджае, што ў большасці чалавечых сфер — палітыцы, эканоміцы, вайсковай справе, рэлігіі, маралі, педагогіцы або культуры, больш шкоды, чым карысці, прыносяць прымус, іерархічнае кіраванне, цэнтральная ўлада, бюракратыя, турмы, вайсковая павіннасць, дзяржавы, прызначаная стандартызацыя, празмернае планаванне і г. д. Анархісты імкнуцца ўзмацніць унутранае функцыянаванне і паслабіць вонкавую ўладу. Гэта сацыяльна-псіхалагічная гіпотэза з відавочным палітычным падтэкстам.

У залежнасці ад гістарычных умоў, што ўяўлялі разнастайныя пагрозы для анархісцкага прынцыпу, анархісты акцэнтавалі ўвагу на розныя рэчы: часам яны былі сканцэнтраваныя на сельскай гаспадарцы, часам на вольных гарадах і гільдыях; часам на тэхналогіях, часам супраць іх; часам яны былі камуністамі, часам прызнавалі уласнасць; часам яны былі індывідуалістамі, часам калектывістамі; часам яны размаўлялі пра Свабоду як амаль абсалютнае дабро, часам абапіраліся на звычай і «прыроду».  Тым не менш, нягледзячы на гэтыя адрозненні, анархісты разумеюць адзін аднаго, і не лічаць гэтыя адрозненні несумяшчальнымі. Звернемся да адной з найважных сучасных праблем - гвалт. Партызанскае змаганне было класічнай анархісцкай тактыкай; аднак там, дзе, асабліва ў сучасных умовах, кожны гвалтоўны сродак мае схільнасць да ўзмацнення цэнтралізму і аўтарытарызму, анархісты схільныя бачыць прыгажосць негвалтоўнасці.

Цяпер анархісцкі прынцып у цэлым слушны.* І зусім не з’яўляючыся «утопіяй» або «цудоўным правалам», ён даказаў сваю эфектыўнасць і апраўдаў сябе ў шматлікіх вялікіх гістарычных крызісах. У перыяд меркантылізму і каралеўскіх патэнтаў вольнае прадпрымальніцтва акцыянерных кампаній было анархісцкім. Анархісцкімі былі Джэферсанаўскі біль аб правах і незалежная судовая сістэма. Кангрэгацыйныя цэрквы былі анархісцкімі. Прагрэсіўная адукацыя была анархісцкай. Вольныя гарады і карпарацыйнае права ў феадальнай сістэме былі анархісцкімі. У наш час рух за грамадзянскія правы ў Злучаных Штатах носіць амаль класічны дэцэнтралізаваны і анархісцкі характар. І гэтак далей, аж да такіх дэталяў, як вольны доступ у публічныя бібліятэкі. Вядома, пазнейшым гісторыкам гэтыя рэчы не здаюцца анархісцкімі, але ў свой час усе яны лічыліся такімі і часта даслоўна называліся такімі, з звыклым суправаджэннем пагрозамі хаоса. Але ў гэтай адноснасці анархісцкага прынцыпу да рэальнай сітуацыі і заключаецца сутнасць анархізму. Не можа быць гісторыі анархізму ў сэнсе ўсталявання сталага стану рэчаў, што завецца «анархічным». Гэта заўсёды прыстасаванне да новай сітуацыі і пільнае назіранне за тым, каб здабытыя свабоды не былі згублены і не ператварыліся ў сваю процілегласць, як вольнае прадпрымальніцтва ператварылася ў наёмнае рабства і манапалістычны капіталізм, або незалежная судовая ўлада ператварылася ў манаполію судоў, паліцыянтаў і адвакатаў, або вольная адукацыя ператварылася ў школьную сістэму.

*Я і іншыя анархісты маглі б дапусціць пэўныя часовыя надзвычайныя становішчы, калі мы будзем упэўнены, што яны часовыя. Мы можам дапусціць некаторыя простыя лагістычныя механізмы, такія як продаж білетаў, метрычныя стандарты або збор падаткаў, калі мы можам быць упэўнены, што адміністрацыя, «сакратарыят», не пачне кіраваць працэсам. І мы можам дапусціць некаторыя «натуральныя манаполіі», такія як змаганне з эпідэміямі, водазабеспячэнне і г. д.

Author

Quinchenzzo Delmoro
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About