Donate
многая лéта #1

Post Scriptum: Міхаіл Бахцін. Мастацтва і адказнасць

многая лета05/09/25 09:55281


пераклад з расейскай Веры Бакстэр


Цэлае завецца механічным, калі асобныя элементы ягоныя злучаюцца толькі ў прасторы і часе вонкаваю сувяззю, а не прасякаюцца ўнутранай еднасцю сэнсу. Часткі такога цэлага хоць і ляжаць побач, датычныя адна адной, але ў сабе яны адна адной чужыя.

Тры абсягі чалавечае культуры — навука, мастацтва і жыццё — дамагаюцца еднасці толькі ў асобе, якая далучае іх да сваёй еднасці. Аднак сувязь гэтая можа стаць механічнай, вонкавай. На жаль, часцей за ўсё так і здараецца. Мастак і чалавек наіўна, часцей за ўсё механічна спалучаюцца ў адной асобе; у творчасць чалавек сыходзіць на пэўны час ад "жыццёвых турбот" як у іншы сусвет "натхнення, гукаў салодкіх і малітваў". А што ў выніку? Мастацтва залішне дзёрзка-ганарлівае, залішне патэтычнае, бо няма чаго яму адказваць за жыццё, якое, вядома, за такім мастацтвам не ўгоніцца. "Ды куды ж нам, — кажа жыццё, — тое — мастацтва, а ў нас жыццёвая проза".

Калі чалавек у мастацтве, яго няма ў жыцці, і наадварот. Няма між імі еднасці і ўзаемапрасякнення ўнутранага ў еднасці асобы.

Што забяспечвае ўнутраную сувязь элементаў асобы? Толькі еднасць адказнасці. За тое, што я перажыў і зразумеў у мастацтве, я маю адказваць сваім жыццём, каб усё перажытае і зразуметае не заставалася бяздзейным у ім. Але з адказнасцю звязаная і віна.

Не толькі несці ўзаемную адказнасць маюць жыццё і мастацтва, але і ўзаемную віну. Паэт мае памятаць, што ў пошлай прозе жыцця вінная ягоная паэзія, а чалавек жыцця няхай ведае, што ў бясплоднасці мастацтва вінная ягоная непатрабавальнасць і несур’ёзнасць ягоных жыццёвых пытанняў. Асоба мае стаць дарэшты адказнай: усе ейныя моманты маюць не толькі ўкладвацца ў адзін часавы шэраг ейнага жыцця, але і прасякацца ў еднасці віны і адказнасці.

І няма чаго для апраўдання безадказнасці спасылацца на "натхненне". Натхненне, якое ігнаруе жыццё і само ігнаруецца жыццём, ёсць не натхненнем, а ўтрапеннем. Правільны, не самазваны сэнс усіх адвечных пытанняў пра ўзаемадачыненне мастацтва і жыцця, чыстае мастацтва і г. д., ісцінны пафас іхні толькі ў тым, што і мастацтва і жыццё імкнуцца ўзаемна палегчыць сваю задачу, скінуць з сябе адказнасць, бо лягчэй ствараць, не адказваючы за жыццё, і лягчэй жыць, не рахуючыся з мастацтвам.

Мастацтва і жыццё не адно, але маюць з’яднацца ўва мне, у еднасці маёй адказнасці.

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About