Donate
Poetry

Міна Лой. Песьні да Іаана - Частка І

многая лета24/01/26 13:28153

пераклад з ангельскай Сені Стасюкевіч


I

Выпладак Фантазій
Забруджваючы ацэначнае
Парсюк Купідон     яго ружовая пыса
Корпаецца ў эратычным сьмецьці
“Даўным-даўно жылі-былі”
Вырывае пустазельле белае і дзюбаўвянчанае
Сярод барвінку што ўецца зашыты ў сьлізьневую абалонку

Я бы   вокам ў Бэнгальскім агні
Вечнасьцю ў сыгнальнай ракеце
Сузор’ямі ў акіяне
Чые рэкі цякуць не сьвяжэй
За струменьчык сьліны

Гэта падазроныя мейсцы 

Я павінная жыць у сваім ліхтарыку
Абцінаючы сублімінальнае мігаценьне
Цнатлівага   да мяхоў
Досьведу
Размаляванага    шкла

II

Скураны мех
У якім адвольная дваістасьць
Запакаваная
Усе заканчэньні маіх бясплённых імпульсаў
Нешта ў форме чалавека
Дзеля выпадковай вульгарнасьці простага назіральніка
Падобнага болей да гадзіньнікавага мэханізму
Што бяжыць супраць часу
За якім я не пасьпяваю
Ясікі маіх пальцаў сшэрхнулі ад фрэтынгу тваіх валасоў
Боскі дзьвярны дыванок
На парозе твайго розуму


III 

Магчыма мы зьядналіся
У стацыянарнай манаполіі моманту
Ці пераламілі плоць адна з адным
За блюзьнерскім сталом прычасьця
Дзе віно праліваецца на разбэшчаныя вусны
Магчыма мы нарадзілі мятліка
З штодзённымі навінамі
Надрукаванымі крывёю на ягоных крылах 


IV

Аднойчы ў мезаніне
Зорнае скляпеньне
Атуліла няўяўную сям’ю
Птушкападобных спаронаў
З чалавечымі глоткамі
І вачыма Мудрасьці 
Якія насілі чырвоныя сукенкі-абажуры
І ваўняныя валасы

Адна насіла дзіця
Ў слінгу з подбіўкай
Прывязанай стужкай з сарсанэту
Да ейных гусіных крылаў

Калі б толькі ня гэтыя агідныя цені
Я б жыла
Сярод іхняй вуьсцішнай мэблі
Каб навучыць іх распавядаць мне іхнія сакрэты
Пакуль не здагадалася
— павымятаць кодлу спрэс


V

Палунач апусташае вуліцу
Ад усіх акрамя нас
Траіх
І я ня ведаю шляху назад
Налева хлопец
—Адно крыло павымыванае дажджом
Іншае ніколі больш ня будзе чыстым—
Тузае дзьвярныя званкі каб нагадаць
Тым каму ўтульна
Направа аскет з арэолам
Прабіраючыся ў хаты
Дасьледуе раны ў пошуках душ
—Небарака ня можа мыцца ў гарачай вадзе—
І я ня ведаю які паварот абраць
Бо ты зьехаў да сябе дадому—першым


VII

Я ведаю лялькавода інтымна
І калі б ня гэтыя людзі
За якімі ты сочыш адным вокам
Ты бы мог глядзець проста на мяне
І Час павярнуўся б назад


VII

Мае ногі
Цмокаюць брук
Які адзіны застаўся ад тваёй хады
Вецер напіхвае накіпам зь белай вуліцы
Мае лёгкія і мае ноздры
Ўзрушаныя птушкі
Працягваюць палёт у ноч 
І ніколі не дасягаюць— — — — — — —


VIII

Я – гэта раўнівае сховішча недагаркаў
Якія асьвятлялі тваё падлеткавае навучаньне
— — — — — — — — — —
Па-за Боскімі вачыма
Магчыма
Ёсьць іншыя агні


IX

Калі мы ўзьнялі
Нашыя павекі на Каханьне
Космас
Каляровых галасоў

І сьмеху мёду
І спэрматазоідаў
У сарцавіне Нічога
У малацэ месяца


X

Валянчык і бадмінтонная ракетка
Трошачкі ружовага каханьня
І пер’е параскіданае


XI

Дарагі мой    на тваю спагаду
Наш Сусьвет
Гэта толькі
Бескаляровая цыбуля
Якую ты распранаеш
Абалонка за абалонкай
Пакідаючы
Нудлівы пах 
На тваіх моцных руках

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About