Donate
Prose

Бэрта Гарсія Фаэт. Паэма аб тым як глядзіш ноччу ў неба і думаеш рознае

многая лета15/03/26 13:4543


пераклалі з гішпанскай Кірыл Булай і Соня Бойка

я што лічыць гіпэрмэтрапію прымальнай формай існаваньня й стараецца быць неблагім чалавекам і ўсё вывучае этыку ды мэтаэтыку і я што плача над дэйвідам г’юмам і занядбаным хартом і занядбаным старым і забрудненьнем памётам курэй і іх брыдкімі клеткамі памерам з аркуш А4 й іх ліпкімі чумамі з субкантынэнт і я што верыць у кучары пусткаў й ня ведае нічога й пытае сябе што рабіць бязь неба й бязь леніна й са сьветам расчасаным супраць ссохлай шэрсьці і як дакрануцца яго старажытных касьцей й яго праксісу й дыму яго непранікальнай красы і я што заўсёды адчувае прысутнасьць братазайбойнай сьцяны смаку умамі малака калі хоча насыпаць нядбайных і зычлівых словаў у паўраскрытую шапку жабрака ці музы́кі і досыць ведае каханьне і зацята борацца са сном і ўва сьне за глабальную пандэмію прабачэньня й надзеі што зьнічшыць сьвет якім мы яго знаем раз і назаўжды і я што сьніць бязь меры сны характару бязь меры эратычнага, а часам і распуснага й ґвалтоўнага й ніколі не даруе свайму віду аўшвіц розу паркс нацыянальную дзяржаву грошы мёртвае дзіця і я што забывае ўсё і прапануе запаліць усім вам разам сьвечку каб помніць ўсё намі забытае і я што корпаецца ў пазе лёґасу і не знаходзіць там нічога і я што мае бацька́ А і бацька́ Б і брата і сястру і я што ўсё яшчэ ня ведае нічога пра сьмерць і пытае сябе што сьпяваць калі сутонее і што сьпяваць каб не абразіць згаладалага альбо празрыстага альбо жанчыну пад каменьнем агіды і я што дрыжыць у цнатлівай трывозе ў крытычны момант выбару любімай палітры колераў альбо любімай жывёлы альбо шчырага маральнага суджэньня ўсяго толькі аднаго шчырага маральнага суджэньня, я сьмяюся часткова ад зайздрасьці, часткова ад горычы, так, прызнаю, што сьмяюся часткова ад зайздрасьці, часткова ад горычы, часткова ад крыўды, над онталягічнай перакананасьцю сярэднявечнага чалавека. яго вочы спакойныя, кранальныя

Kirył Bułaj
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About