Donate
Prose

Габрыель Гарсія Маркес. Няўхільна сьмерць, няўхільна і каханьне

Kirył Bułaj29/03/26 15:0469
Ana Mendieta, Untitled, from the Silueta series, 1976
Ana Mendieta, Untitled, from the Silueta series, 1976

          Да сьмерці сэнатара Онэ́сімо Са́нчэса заставалася шэсьць месяцаў і адзінаццаць дзён, калі ён сустрэў панну свайго сэрца. Яны пазнаёміліся ў Разаль-дэль-Вірэй, уяўным мястэчку, якое ўночы служыла таемнай гаваньню караблям кантрабандыстаў, за што ў сонечным сьвятле здавалася самым марным з выгінаў пустыні, прыціснутым да сухога мора бяз плыняў і такім аддаленым ад усяго на сьвеце, што ніхто й падазраваць ня мог, што там жыве хтосьці здольны павярнуць хоць чыйсьці лёс. Нават назва яго здавалася кпінай, бо адзіную ружу, якую бачылі ў тым гарадку, прынёс сам сэнатар Онэсімо Санчэс у дзень, калі пазнаёміўся з Лаурай Фарынай.

          Мінула чатыры гады, і выбарчая кампанія зноў апынулася на сваім непазьбежным уздыме. Раніцай зьявіліся фургоны вандроўных артыстаў. Пасьля – грузавікі з наёмнымі іньдзейцамі, якіх цягалі па гарадах, каб здавальняць незьлічоныя грамадскія патрэбы. Незадоўга да адзінаццаці з музыкай, фэервэркамі ды суправаджэньнем джыпаў зьявіўся ведамасны аўтамабіль колеру клубнічнай газіроўкі. У ахалоджаным салёне сэнатару Онэсімо Санчэсу было спакойна, надвор’е не існавала, але, як толькі дзьверы адчыніліся, подых агню скалынуў яго, і ўзмокла cінякамі кашуля з натуральнага шоўку, і ён пачуўся нашмат старэйшым і як ніколі самотным. На самай справе, яму споўнілася сорак два гады, ён з адзнакай адвучыўся ў Гётынгене на іжынэра-мэталюрга і быў упартым, хоць і беспасьпяховым, чытачом дрэнна перакладзеных рымскіх клясыкаў. Ён быў жанаты на прамяністай немцы, зь якой меў пяцёра дзяцей, і ўсе ў іх доме былі шчасьлівыя, і ён быў шчасьлівейшы за ўсіх, пакуль тры месяцы таму не даведаўся, што наступнае Раство сустрэне ўжо ў магіле.

          Пакуль скончвалі падрыхтоўку да выступленьня, у сэнатара атрымалася на гадзіну застацца аднаму ў доме, адведзеным яму для адпачынку. Перш чым легчы, ён паставіў у пітную ваду ружу, жыцьцё якой падтрымліваў усю дарогу праз пустыню, пасьнедаў дыетычнай кашай, што вазіў з сабой, каб хоць неяк пазьбягаць бясконцай казінай фрытангі, якая шчэ чакала яго наперадзе, і заўчасна выпіў розных анальгетыкаў, каб палёгка прыйшла раней за боль. Потым паставіў вэнтылятар ля самага гамака і голы павіс у ім у ружовым прыцемку, моцна намагаючыся адвесьці свой розум ад думак пра сьмерць і заснуць. Апроч мэдыкаў, ніхто ня ведаў пра яго асуджанасьць на прызначаны канец, бо ён вырашыў трываць свой сакрэт у самоце, ні ў чым не мяняючы свайго жыцьця, і не праз пыху, а празь сьціпласьць.

          Ён пачуваўся поўным гаспадаром уласнай волі, калі зноў зьявіўся на людзях у тры па паўдні, супакоены й асьвежаны, у штанах з грубага льну й кашулі ў кветкі, з душой, забаўленай болесуцяшальнымі таблеткамі. Аднак вытраўка сьмерці была больш падступнай, чым ён меркаваў, бо, падняўшыся на трыбуну, адчуў дзіўную абыякавасьць да тых, хто бароўся за ўдачу паціснуць яму руку, і не было ранейшага спачуваньня да статкаў босых іньдзейцаў, што ледзь вытрымлівалі вуглі бруку мізэрнага пляца. Ён спыніў рукой воплескі, амаль гнеўна, і пачаў гаварыць, нерухома, з вачамі на моры, што задыхалася ад сьпёкі.

          Яго разьмераны, глыбокі голас нагадваў ваду ў студні, але прамова, вывучаная на памяць і столькі разоў паўтораная, прыйшла да яго не праз жаданьне казаць праўду, але наперакор фаталістычнаму выказваньню з чацьвёртага тома ўспамінаў Марка Аўрэлія.

          – Мы тут для таго, каб перамагчы прыроду, – пачаў ён насуперак усім сваім перакананьням. – Мы больш ня будзем падкідышамі Айчыне, Божымі сіротамі ў валадарстве смагі й непагоды, выгнанцамі на нашай уласнай зямлі. Мы будзем іншымі, панове, будзем вялікімі й шчасьлівымі.

          Кожная фраза была ўмоўным знакам у спэктаклі. Пакуль ён гаварыў, яго памагатыя жменямі пускалі ў паветра папяровых птушак, і штучныя істоты ажывалі, кружылі над дашчанай трыбунай і адляталі ў мора. У той жа час, іншыя даставалі з фургонаў бутафорскія дрэвы з фэтравым лісьцем і ўтыркалі іх за сьпінамі натоўпу ў салетравую глебу. Нарэшце, зьбіралі кардонныя фасады ўдаваных дамоў з чырвонай цэглы, з ашклёнымі вокнамі ды закрывалі імі ўбогія хаціны сапраўднага жыцьця.

Сэнатар працягнуў прамову дзьвюма цытатамі на латыні, каб даць фарсу час. Паабяцаў генэратары дажджу, пераносныя гадавальнікі жывёлы на зарэз, алей шчасьця, дзякуючы якому можна будзе вырошчваць гародніну ў салёнай зямлі і гроны бугенвілей на вокнах. Убачыўшы, што фантастычны сьвет створаны, ён паказаў на яго пальцам.

          – Мы будзем такімі, панове, – крыкнуў ён. – Глядзіце. Мы будзем такімі.

          Грамада абярнулася. За дамамі праплываў маляваны на паперы акіянскі лайнэр, і быў ён вышэйшы за самыя высокія дамы падробнага гораду. І толькі сам сэнатар заўважыў, што ад складваньня й раскладваньня, ад пераносу зь месца на месца таксама й накладны кардонны гарадок быў паточаны непагодай, быў амаль такі ж бедны і пыльны, як Разаль-дэль-Вірэй.

          Першы раз за дванаццаць год Нэльсан Фарына не пайшоў вітаць сэнатара. Прамову ён слухаў з гамака, дасынаючы ськесту, пад сьвежай засеньню дома з негабляваных дошак, дома, што збудаваў тымі ж руплівымі аптэкарскімі рукамі, якімі расчляніў сваю першую жонку. Ён уцёк з Каенскай турмы і трапіў у Разаль-дэль-Вірэй на караблі, гружаным бязьвіннымі ара, разам з гожай ды брыдкаслоўнай негрыцянкай, якую сустрэў у Парамарыбо  і зь якой займеў дачку. Хутка пасьля таго жанчына памерла сваёй сьмерцю, дзякуючы чаму пазьбегла лёсу папярэдніцы, чые кавалкі ўгаілі цьвятную капусту ў яе ж агародзе, і была пахавана пад сваім галяндзкім імем на мясцовых могілках. Дзяўчынка ўспадкавала матчыны колер ды памер і бацькавы жоўтыя нібы зьдзіўленыя вочы, дзеля чаго той бацька досыць справядліва меркаваў, што гадуе самую прыгожую жанчыну на сьвеце.

          Пазнаёміўшыся з Онэсімо Санчэсам падчас першай выбарчай кампаніі, Нэльсан Фарына папрасіў у таго дапамогі ў здабыцьці фальшывага пасьведчаньня асобы, якое выратавала б яго ад правасудзьдзя. Дабрадушны, але непахісны, сэнатар адмовіў. Многія гады Нэльсан Фарына не здаваўся й кожны раз, калі здаралася нагода, знаходзіў, як паднесьці сваю просьбу з новага боку. Але заўсёды атрымліваў адзін і той жа адказ. І вось, гэтым разам ён застаўся ў гамаку, асуджаны жыўцом гніць у сваім пірацкім логаве. Пачуўшы фінальныя воплескі, ён узьняў галаву й па-над слупамі агароджы ўбачыў адваротны бок фарсу: падпоркі будынкаў, каркасы дрэваў, схаваных штукароў, што пхалі лайнэр. І сплюнуў сваю злосьць.

          – Merde, – сказаў ён, – c’est le Blacaman de la politique.*

          Як звычайна, пасьля прамовы сэнатар прайшоў па вуліцах мястэчка, з музыкай і піратэхнікай, абложаны гараджанамі, што распавядалі пра свае беды. Сэнатар слухаў з увагай і заўсёды знаходзіў, чым суцешыць кожнага, не абяцаючы нічога складанага. У адной жанчыны атрымалася ўскараскацца разам зь шасьцю меншымі дзецьмі на дах аднаго з дамоў і перакрычаць гоман ды выбухі пораху.

          – Сэнатар, я не прашу шмат, – сказала яна, – усяго толькі асла, каб вазіць ваду ад Калодзежа Шыбеніка.

          Сэнатар спыніўся на шасьцярых схуднелых малых.

          – А дзе падзеўся твой муж?

          – Уплыў на Арубу, шукаць шчасьця, – з усьмешкай адказала жанчына, – а знайшоў маладзіцу з тых, што ўстаўляюць сабе ў зубы дыяменты.

          Натоўп выбухнуў рогатам.

          – Добра, – вырашыў сэнатар, – будзе табе асёл.

          Крыху пазьней памагаты завёў да яе дома ўючнага асла, на чыім гарбе вечнай фарбай напісалі выбарчы лёзунг, каб ніхто не забыў, што гэта падарунак сэнатара.

          За астатак вуліцы ён нарабіў жэстаў меншага памеру і нават пакарміў з лыжкі хворага, якога разам з ложкам выцягнулі ў дзьверы дома паглядзець, як мінае сэнатар. На апошнім рагу ён убачыў сярод слупоў пат’ё Нэльсана Фарыну ў гамаку, падумаў, што той бледны і змрочны, але павітаўся безудзельна:

          – Як Вы.

          Нэльсан Фарына павярнуўся і абліў яго маркотнаю смалой сваіх вачэй.

          – Moi, vous savez, – сказаў ён.*

          Пачуўшы вітаньне, у пат’ё выйшла яго дачка. Яна была апранута ў зношаную сялянскую сарочку, і валасы былі аздоблены рознакаляровымі бантамі, і твар быў маляваны сонцам, але, нават у гэткім неахайным стане, было магчыма меркаваць, што няма ў сьвеце прыгажэйшай за яе. Сэнатару перахапіла дыханьне.

          – Халера, – уздыхнуў ён уражаны, – чаго толькі Бог ня створыць!

          Той жа ноччу Нэльсан Фарына апрануў дачку ў лепшае адзеньне й паслаў да сэнатара. Два ўзброеныя вінтоўкамі вартавыя, што торкалі носам ад сьпёкі ў пазычаным доме, загадалі ёй чакаць на адзіным у вэстыбюлі крэсьле.

          У суседнім памяшканьні сэнатар сустракаўся са старэйшынамі Разаль-дэль-Вірэй, якіх сазваў, каб распавесьці ім пра прыхаваныя ў прамовах праўды. Старэйшыны так нагадвалі тых, якія заўсёды зьбіраліся ў любым мястэчку пустыні, што й сам сэнатар кожную ноч пачуваўся ўжо па горла сытым адным і тым жа сходам. Яго кашуля была мокрая ад поту, і ён намагаўся, не здымаючы, высушыць яе гарачым павевам вэнтылятара, што жужжаў, нібы сьляпень, у дрымоце пакоя.

          – Мы, канешне, не ядзім папяровых птушак, – сказаў ён. – Мы з вамі ведаем, што ў дзень, калі ў гэтай казінай сральні зьявяцца кветкі ды дрэвы, у дзень, калі ў сажалках замест чарвей зьявяцца рыбы, у гэты дзень ні мне, ні вам ня будзе чаго тут рабіць. Гэта ясна?

          Ніхто не адказаў. Гаворачы, сэнатар выдраў ліст календара і склаў зь яго матыля. Безь ніякай мэты ён пусьціў яго па ветры вэнтылятара, і матыль закружыў па пакоі, і вылецеў праз паўадчыненыя дзьверы. Сэнатар працягваў гаварыць па праве, забясьпечаным сьмерцю.

          – Тады, – сказаў ён, – мне ня трэба паўтараць тое, што вы ведаеце лепш за ўсіх: што маё перавыбраньне выгодней вам, чым мне, бо я стаю па калена ў балоце ды поце іньдзейцаў, а вы маеце з гэтага харч.

          Лаура Фарына бачыла, як вылецеў папяровы матыль. Бачыла яна адна, бо вартавыя паснулі на лавах, абдымаючы стрэльбы. Зрабіўшы некалькі колаў, велізарны залітаграфаваны матыль цалкам выпрастаў крылы, наляцеў на сьцяну і прыстаў да яе. Лаура Фарына паспрабавала ададраць яго пазногцем. Адзін з вартавых, прачнуўшыся ад воплескаў у суседнім памяшканьні, паказаў на бессэнсоўнасьць яе намаганьняў.

          – Ададраць ня выйдзе, – сказаў ён паміж снамі. – Ён намаляваны на сьцяне.

          Калі Лаура Фарына вярнулася на месца, з паседжаньня пачалі выходзіць людзі. Сэнатар застаўся стаяць у дзьвярах, з пальцамі на ручцы, і заўважыў Лауру Фарыну толькі тады, калі вэстыбюль апусьцеў.

          – Што ты тут робіш?

          – C’est de la part de mon père, – сказала яна.*

          Сэнатар зразумеў. Ён адчытаў санлівых вартавых, затым адчытаў Лауру Фарыну, чыя неверагодная прыгажосьць была ўладнейшай за яго боль, і, нарэшце, дазволіў сьмерці вырашаць за яго.

          – Заходзь.

          Зьдзіўленая, Лаура Фарына застыла ў дзьвярах: тысячы банкаўскіх білетаў парылі ў паветры і, падобна матылям, махалі крыламі. Але сэнатар выключыў вэнтылятар, білеты засталіся без паветра і леглі на ўсё ў пакоі.

          – Вось убачыш, – усьміхнуўся ён, – нават гаўно лётае.

          Лаура Фарына села, нібы за школьную парту. Скура яе была гладкай і пругкай, таго ж колеру й той жа гушчыні, што сырая нафта, і валасы яе былі жарабячай грывай, і невымерныя вочы яе былі ясьнейшыя за сьвятло. Сэнатар пайшоў па ніці яе позірку й знайшоў канец на ружы, заплямленай салетрай.

          – Гэта ружа, – сказаў ён.

          – Так, – адказала яна з нотай разгубленасьці, – я бачыла іх у Р’ёачы.

          Седзячы на раскладушцы й гаворачы пра ружы, сэнатар расшпільваў кашулю. На рэбрах, там, дзе па яго меркаваньні ў грудзях зьмяшчалася сэрца, ён меў пірацкую татуіроўку прастрэленага сэрца. Ён кінуў змакрэлую кашулю на падлогу і папрасіў Лауру Фарыну дапамагчы яму зьняць боты.

          Яна ўкленчыла перад раскладушкай. Задумлівы сэнатар працягваў дасьледваць яе і, пакуль яна разьвязвала шнуркі, пытаў сябе, каму зь іх гэтае спатканьне прынясе болей няшчасьцяў.

          – Ты дзіцё, – сказаў ён.

          – Не выдумляйце, – адказала яна. – Мне будзе дзевятнаццаць у апрылі.

          Сэнатар зацікавіўся.

          – Якога дня.

          – Адзінаццатага, – адказала яна.

          Сэнатару палепшала. “Мы Авены”, – сказаў ён. І з усьмешкай дадаў:

          – Гэта знак адзіноты.

          Лаура Фарына не зьвярнула ўвагу, бо тым часам ня ведала, што рабіць з ботамі. Сэнатар, у сваю чаргу, ня ведаў, што рабіць з Лаурай Фарынай, бо ня быў звычны да нечаканых каханьняў і, да таго ж, усьведамляў, што прыніжае гэтым уласную годнасьць. Толькі каб выгуляць час на падумаць, ён схапіў Лауру Фарыну каленямі, падняў за таліў і тварам угору апусьціў на раскладушку. І тады зразумеў, што пад сукенкай яна голая, бо цела яе праліло цьмяны водар горнага зьвера, хоць cэрца яе і трымцела, хоць скуру і сьцяла ледзяным потам.

          – Ніхто нас ня любіць, – уздыхнуў ён.

          Лаура Фарына хацела нешта сказаць, але паветра хапала толькі на тое, каб дыхаць. Жадаючы дапамагчы, ён падсеў бліжэй, выключыў сьвятло, і спальня засталася ў ружовым прыцемку. Яна аддалася на літасьць лёсу. Сэнатар паволі лашчыў яе, рукою шукаў, амаль не кранаючы, але там, дзе чакаў знайсьці, натыкнуўся на стальную перашкоду.

          – Гэта што такое?

          – Замок, – адказала яна.

          – Ну і лухта! – сказаў сэнатар, разьюшаны, і спытаў адзінае, што хацеў ведаць. – А дзе ключ?

          Лаура Фарына ўздыхнула з палёгкай.

          – У бацькі, – адказала яна. – ён сказаў мне сказаць Вам паслаць каго-небудзь знайсьці яго, і каб той прынёс з сабой вашае пісьмовае абяцаньне вырашыць яго праблему.

          Сэнатар напружыўся. “Сучы француз”, – прамармытаў ён абражаны. Затым закрыў вочы, каб супакоіцца, і ў цемры сустрэў самога сябе. “Будзь то ты ці хто іншы, памятай, – нагадаў ён, – вы ў вельмі хуткім часе памраце, і неўзабаве ад вас не застанецца нават імя”. Ён пачакаў, пакуль пройдзе дрыгота.

          – Скажы мне, калі ласка, – папрасіў ён тады. – Што пра мяне кажуць?

          – Шчыра-шчыра?

          – Шчыра-шчыра.

          – Добра, – наважылася Лаура Фарына, – кажуць, што Вы горш за ўсіх, бо Вы іншы.

          Сэнатар ні зварухнуўся. Ён доўга маўчаў, трымаючы вочы закрытымі, а калі зноў адкрыў іх, здавалася, што зь ім вярнуліся ўсе самыя затоеныя яго інстынкты.        

          – Бяры яго халера, – вырашыў ён, –  скажы свайму вылюдку-бацьку, што я вырашу яго справу.

          – Калі хочаце, я сама схаджу за ключом, – сказала Лаура Фарына.

          Сэнатар затрымаў яе.

          – Забудзь пра ключ, – сказаў ён, – і пасьпі са мной трошкі. Самотнаму так прыемна проста быць з кімсьці.

          Тады яна лягла на яго плячо і спыніла вочы на ружы. Сэнатар абняў яе талію, схаваў твар у яе паху горнага зьвера і здаўся жаху. Шэсьць месяцаў і адзінаццаць дзён пасьля ён памёр у гэтай жа позе, паламаны і адчужаны скандалам, што выклікалі зьвесткі аб Лауры Фарыне, са сьлязамі гневу ад таго, што памірае безь яе.

         

Author

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About