Donate
многая лéта #1

Эдыт Рымінгтан. Жыццё ў крыві

многая лета29/05/25 05:17190


пераклад з англійскай Ліны

Чайка

Я спрабую схапіць чайку шаўковай ніткай, але выяўляю, што мяккая ніць ператварылася ў зношаны жалезны ланцуг, які разрывае мне рукі. Чайка ляціць у мора, дзе сядзіць разважаючы. Я бачу, як яна ляціць назад да берага, каб прыяднацца да чарады лянівых чаек, дзе яе кормяць чалавечым мясам танкі і пушкі. Я жахаюся хцівага запалу стракатага маладняку. Высвятляю, што я не змагу пазбавіцца ланцуга, пакуль не аддам сваю плоць чайкам. Я чакаю… думаючы пра смерць і пражываючы смерць. Я вырашаю, што, жывучы смерцю, магчыма, я ўбачу, як чайка яшчэ раз нырае ў мора.


Рост на месцы пералому

Калі паэзія з кіпцюроў паэта вызваляецца паламанай рукой, яна знявольваецца акасцянелым мазалём, дзе вошы будуюць сабе магілу, каб пазбегнуць магіі Чароўнага. Заместа таго, каб крываточыць з раны, бы рака ў мора — о, жыццёвы аргазм, — на рацэ праклён. Яна не выходзіць з берагоў, і вошы задыхаюцца, пакуль рука дранцвее. Мудрае вока бачыць, як падменная вадкасць сачыцца атрутай у кістозную магілу. Я бачу цёмны сумны твар параненага падчас ампутацыі рукі.


Расклад

Смерць ажывае ў рытме віску сірэны, нібы ціхая шкатулка, якая ліецца музыкай, прадоўжваючы цэлае жыццё праз бясконцыя пакоі… У цёмным тунэлі наверсе дзве музычныя шкатулкі змагаюцца за тое, каб іх пачулі, сэрца супраць сарцавіны. На зямлі ванітуюць коміны смерці, і заўсёды ёсць нараджэнне. Калі музыка замірае, жыццё працягвае свой бег на колах пошуку, спрабуючы знайсці апошнюю думку, хоць яна памерла. Пасля цішыні палёгкі бутоны кветак раскрываюцца, знясіленыя, і гінуць ад з’едзеных рытмам каранёў. Пакуль смерць рухаецца павольна, ах пакуты чакання новага рытму.


Жыццё ў крыві

Мая галава поўніцца атручанымі зорамі, гэтай хваробай свету, у ложку болю якога я не знаходжу суцяшэння. Дзе ж ні дурны, ні будан? Толькі пужлівыя нязграбныя пачвары, развешаныя на вешалках паношаных рэчаў. Калі гарачы подых рэальнасці сплаўляе іх у адно з васковай фігурай, на якой яны нарадзіліся, і яны капаюць з неба, іх тлустыя пупышкі лопаюцца і апякаюць зямлю застылай белізной, якая хавае глыбокую чырвоную пляму — заключаючы яе ў васковую магілу.


Мара

Калі я варочаюся на аксамітнай падушцы, успаміны спрасоўваюць эрзац напаўнення, і калі я адчуваю, як мяккі пясок пачынае зыбацца, я хапаюся за грыву каня.

Ён цураецца новенькага бліскучага пені, і мяне адкідвае на цвёрдыя скалы.

У шматлікіх колерах сваіх сінякоў я бачу НОВАЕ — як усведамленне пустыні з адкрытым затворам.


Без назвы

Я сяджу ў поўным супакоі, пакуль шапаціць лістота і супакой ператвараецца ў рух.

Я — адчуванне вагі вісячай галінкі.

Я — песня птушак, і калі птушка сціхае, рух ператвараецца ў супакой, раскрываючы шчасце.


зіма 1945

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About