Donate
Prose

Хорхе Луіс Борхес. Бабілёнская Біблятэка

Kirył Bułaj14/07/25 18:5346
Érik Desmazières, Alphabet imaginaire II, 1997
Érik Desmazières, Alphabet imaginaire II, 1997

By this art you may contemplate the variation of the 23 letters…

The Anatomy of Melancholy, part. 2, sect. II, mem. IV

 

          Сусьвет (які некаторыя называюць Бібліятэкай) складаецца зь нявызначанага, а значыць бясконцага, ліку шасьцікутных галерэй зь вялізнымі адгароджанымі нізенькімі балясамі вэнтыляцыйнымі калодзежамі ў цэнтры. Зь любой з галерэй можна ўбачыць верхнія і ніжнія паверхі: бязьмежна. Пляноўка галерэй нязьменная. Дваццаць вялікіх этажэрак, па пяць на кожны бок, пакрываюць усе сьцены, акрамя дзьвюх; іх вышыня, што адпавядае вышыні столяў, ледзь большая за рост сярэдняга бібліятэкара. У вольных сьценах адкрываюцца вузкія калідоры, што вядуць у наступныя галерэі, ідэнтычная папярэднім і ўсім іншым. Зьлева і справа ад увахода ў калідор зьмяшчаюцца маленечкія кабінэты. Першы дазваляе спаць стоячы, другі – задавольваць вышэйшыя патрэбы. Тут праходзіць вітая лесьвіца, што патанае й узносіцца ўдалечыню. У калідоры ёсьць люстра, што аддана падвойвае вобразы. Бывае, людзі робяць з таго люстра выснову, што ў Бібліятэкі ёсьць канец (калі гэта інакш, на што патрэбна падманнае падваеньне?); мне больш падабаецца ўяўляць, што паліраваныя паверхні прадстаўляюць і абяцаюць бясконцасьць… Крыніцай сьвятла зьяўляюцца электрычныя плады, якія называюць лямпачкамі. У кожным шасьцікутніку іх дзьве: папярэчныя. Вылучонае імі сьвятло недастатковае, несупыннае.

          Як і ўсе людзі ў Бібліятэцы, у маладосьці я шмат вандраваў; пілігрымам прайшоў па ўсіх дарогах у пошуках адной кнігі, пэўна, каталёга каталёгаў; цяпер, калі вочы мае ледзьве могуць разабраць, што пішуць рукі, я рыхтуюся да сьмерці ў некалькіх лігах ад шасьцікутніка, дзе нарадзіўся. Калі памру, чые-небудзь добрыя рукі абавязкова кінуць мяне за балясы; магілай мне стане бяздоннае паветра; зь цягам часу цела патоне, і раскладзецца, і распусьціцца па ветры, народжаным падзеньнем, што ня скончыцца ніколі. Магу заверыць, што Бібліятэка бязьмежная. Ідэалісты стаяць на тым, што шасьцікутныя залі неабходны для фармаваньня абсалютнай прасторы ці, прынамсі, нашага яе ўспрыманьня. Яны сьцьвярджаюць немагчымасьць спасьціжэньня залі трох- або пяцікутнай. (Містыкі ўдаюць, нібы ў экстазе ім адкрыўся круглы пакой, што зьмяшчае круглую кнігу, працяглая сьпінка якой агортвае сьцены; але іх сьведчаньням няма веры; іх словы – змрок. Тая цыклічная кніга ёсьць Бог.) Пакуль што абыдуся паўтарэньнем традыцыйнай пастановы: “Бібліятэка – гэта шар з недасягальнай паверхняй, абсалютным цэнтрам каторага зьяўляецца любы шасьцікутнік”.

          З кожнай са сьценаў кожнага шасьцікутніка суадносяцца пяць этажэрак; кожная этажэрка зьмяшчае трыццаць дзьве кнігі аднолькавага фармату; кожная кніга складаецца з чатырохсот дзесяці старонак; кожная старонка – з сарака радкоў; кожны радок – прыблізна з васьмідзесяці літар чорнага колеру. Літары можна ўбачыць і на вокладцы кожнай з кніг; гэтыя літары не адлюстроўваюць і не вызначаюць тое, што скажуць старонкі. Вядома, некалі гэтая незьвязанасьць падавалася таямнічай. Але перш чым прывесьці тлумачэньне (адкрыцьцё якога, нягледзячы на трагічныя наступствы, зьяўляецца, мабыць, галоўнай падзеяй у гісторыі) я хацеў бы згадаць некаторыя аксіёмы.

          Першая: “Бібліятэка існуе ab aeterno”. З гэтай праўды, неаспрэчнай для любога разважнага розуму, адразу вынікае й будучая вечнасьць сьвету. Чалавек, недасканалы бібліятэкар, можа быць творам выпадку ці зласьлівага дэміюрга; сусьвет жа, укамплектаваны элегантнымі этажэркамі, загадкавымі тамамі, нястомнымі лесьвіцамі для вандроўніка і прыбіральнямі для стомленага бібліятэкара, можа быць створаны толькі богам. Каб усьвядоміць адлегласьць паміж людзкім і боскім, дастаткова параўнаць грубыя дрогкія знакі, начырканыя маёй слабой рукой на вокладцы кнігі, з арганічнымі літарамі ўнутры: дакладныя, вытанчаныя, чарнюткія, непераймальна сымэтрычныя.

          Другая: “Правапісных знакаў – дваццаць пяць”.* Трыццаць год таму гэтае палажэньне дазволіла сфармуляваць агульную тэорыю Бібліятэкі і здавальняюча вырашыць праблему, растлумачыць якую не памагалі ніякія ранейшыя здагадкі: бясформная і хаатычная прырода амаль усіх кніг. Адна, якую мой бацька бачыў у шасьцікутніку круга пятнаццаць дзевяноста чатыры, складаецца зь літар МЦВ, паўтораных ад першага радка да апошняга. Другая (да якой у нас зьвяртаюцца часта) – проста лябірынт літар, але на перадапошняй старонцы напісана “Ах час твае піраміды”. Ужо вядома: за кожным асэнсаваным словазлучэньнем і нескажоным паведамленьнем стаяць лігі бессэнсоўных какафоній, слоўных груд і бязладзіц. (Я знаю ўпарты край, бібліятэкары якога пагарджаюць прымхлівай ды марнай звычкай шукаць сэнс у кнігах, замест чаго шукаюць яго ўва снах і лініях рук… Яны пагаджаюцца з тым, што стваральнікі пісьма перанялі дваццаць пяць прыродных знакаў, але стаяць на тым, што гэта адбылося выпадкова і самі кнігі ня значаць нічога. Як мы ўбачым далей, гэтае меркаваньне не такое ўжо памылковае.)

          Даўгі час верылі, што тыя непранікальныя кнігі суадносяцца з даўнімі ды далёкімі мовамі. Праўда, што людзі мінулага, першыя бібліятэкары, карысталіся мовай, надзвычайна адрознай ад той, на якой мы размаўляем сёньня; праўда, што некалькі міль управа – мова робіцца дыялектнай, дзевяноста паверхаў уніз – незразумелай. Усё гэта, паўтараю, праўда, але чатырыста дзесяць старонак нязьменных МЦВ ня могуць суадносіцца ні зь якой мовай, хоць дыялектнай, хоць рудымэнтарнай. Некаторыя выказвалі думку, што кожная літара ўплывае на наступную і значэньне МЦВ ў трэцім радку старонкі 71 ня будзе такім, якое гэтае ж спалучэньне мае ў іншым месцы на іншай старонцы, але тая цьмяная тэза не прыжылася. Іншыя падумалі на крыптаграфію; гэтую здагадку прынялі паўсюдна, хоць і ня ў тым выглядзе, у якім сфармулявалі яе вынаходнікі.

          Пяцьдзясят год таму наглядчык аднаго з вышэйшых паверхаў* натрапіў на кнігу, якая бянтэжыла так, як і ўсе іншыя, але мела амаль два лісты аднародных радкоў. Ён паказаў сваю знаходку аднаму вандроўнаму дэшыфроўшчыку, і той сказаў, што яны напісаныя на партугальскай; іншыя сказалі, што на ідышы. Менш чым за стагодзьдзе ён здолеў усталяваць мову: самаеда-літоўскі дыялект гуарані са словазьмяненьнем ад клясычнай арабскай. Расшыфраваў і зьмест: асновы камбінаторнага аналізу, ілюстраваныя прыкладамі варыянтаў зь бясконцым паўтарэньнем. Прыклады тыя дазволілі аднаму геніяльнаму бібліятэкару адкрыць фундамэнтальны закон Бібліятэкі. Гэты мысьляр заўважыў, што ўсе кнігі, якімі б разнастайнымі яны ні былі, складаюцца з адных і тых жа элемэнтаў: прабел, кропка, коска і дваццаць дзьве літары альфабэту. Ён жа заявіў тое, што пацьвердзіў кожны вандроўнік: “Ва ўсёй вялізнай Бібліятэцы няма двух аднолькавых кніг”. З гэтых неаспрэчных пасылак ён вывеў, што Бібліятэка ўсеабдымная, яе этажэркі ўтрымліваюць усе магчымыя спалучэньні дваццаці зь нечым правапісных знакаў (лік хоць і велізарны, але не бясконцы), або ўсё, што можна выразіць: на ўсіх мовах. Усё: дасканалую гісторыю арханёлаў, сапраўдны каталёг Бібліятэкі, тысячы й тысячы каталёгаў фальшывых, доказ ілжывасьці тых каталёгаў, доказ ілжывасьці каталёга праўдзівага, гнастычные эвангельле Базыліда, тлумачэньне гэтага эвангельля, тлумачэньне тлумачэньня гэтага эвангельля, шчыры аповед пра тваю сьмерць, пераклад кожнай кнігі на ўсе мовы, інтэрпаляцыі кожнай кнігі ва ўсіх кнігах, трактат, які Бэда Вялебны мог напісаць (і не напісаў) па міталёгіі саксаў, страчаныя кнігі Тацыта.

          Калі было абвешчана, што Бібліятэка зьмяшчае ўсе кнігі, першай рэакцыяй стала празьмернае шчасьце. Усе людзі пачуліся ўладарамі некранутага таемнага скарбу. Ня стала праблемы асабістай ці сусьветнай, для якой не знайшлося б красамоўнага вырашэньня: у адным з шасьцікутнікаў. Cусьвет набыў сэнс, сусьвет сілай захапіў бяскрайнія вымярэньні надзеі. У той час многа гаварылі аб Апраўданьнях: кнігах апалёгій і прароцтваў, што навекі апраўдвалі дзеяньні ўсіх людзей і ахоўвалі дзівосныя таямніцы іх будучыні. Тысячы хціўцаў пакінулі мілы родны шасьцікутнік і рушылі ўверх па лесьвіцах, гнаныя марнай рашучасьцю знайсьці ўласнае Апраўданьне. Гэтыя пілігрымы спрачаліся ў вузкіх калідорах, сыпалі змрочнымі праклёнамі, душыліся на боскіх лесьвіцах, кідалі хлусьлівыя кнігі сабе пад ногі і паміралі, сапхнутыя людзьмі з далёкіх краёў за балясы. Іншыя вар’яцелі… Апраўданьні існуюць (я бачыў два, якія спасылаліся на людзей будучыні, людзей ледзь ня ўяўных), але шукальнікі адмаўляліся ўсьведамляць, што верагоднасьць чалавеку знайсьці сваё ці нейкую нават падступную варыяцыю свайго лічыцца ў нулі.

          Тады надышла чарга праясьняць асноўныя таямніцы чалавецтва: паходжаньне Бібліятэкі і часу. Мусіць, і гэтыя важкія таямніцы можна растлумачыць у словах: калі ня хопіць мовы філёзафаў, шматаблічная Бібліятэка створыць і саму неабходную нечуваную мову, і слоўнікі яе, і граматыкі. Ужо чатыры стагодзьдзі людзі мораць шасьцікутнікі… Існуюць афіцыйныя шукальнікі, інквізытары. Я бачыў, як яны выконваюць свае абавязкі: прыходзяць вечна стомленыя; скардзяцца, што іх ледзь не забіла лесьвіца без прыступак; абмяркоўваюць зь бібліятэкарам яго залю; парою бяруць бліжэйшую кнігу й гартаюць яе ў пошуку зьняслаўленых слоў. Відавочна, ніхто не спадзяецца нічога знайсьці.

          Як часта бывае, за нестрыманай надзеяй прыйшла бязьмерная туга. Упэўненасьць, што нейкая этажэрка нейкага шасьцікутніка тоіць бясцэнныя кнігі і што бясцэнныя кнігі тыя недасяжныя, падалася амаль нясьцерпнай. Паўстала блюзнерская сэкта, чальцы якой спынілі пошук і cталі тасаваць літары й знакі, каб воляю неймавернага выпадку скласьці тыя кананічныя кнігі. Улады мусілі прыняць рашучыя меры. Сэкта зьнікла, але ў дзяцінстве я бачыў старых, што падоўгу хаваліся ў прыбіральнях з мэталёвымі дыскамі і забароненымі кубікамі, квола імітуючы боскае бязладзьдзе.

          Іншыя, наадварот, паверылі, што найістотнейшае – зьнішчыць бескарысныя творы. Яны ўрываліся ў шасьцікутнікі, паказвалі не заўсёды фальшывыя даверчыя граматы, гідліва гарталі які-небудзь том і асуджалі цэлыя этажэркі: іх гігіенічны, аскетычны гнеў павінны ў бессэнсоўнай страце мільёнаў кніг. Іх імя ўва ўсіх выклікае агіду, але тыя, што плачуць па “скарбах”, зьнішчаных іх шалам, забываюць два значныя факты. Першы: Бібліятэка такая вялікая, што любое выкліканае чалавекам яе памяньшэньне аказваецца бясконца малым. Другі: кожны асобнік унікальны, незамяняльны, але (так як Бібліятэка ўсеабдымная) заўсёды будуць сотні тысяч усякіх недасканалых факсіміле: твораў, якія адрозьніваюцца адной толькі літарай ці коскай. Насуперак агульнапрынятаму погляду, я мяркую, што наступствы зьдзейсьненых Ачышчальнікамі налётаў перабольшаны жахам, выкліканым іх фанатызмам. Шаленствам іх гнала імкненьне захапіць кнігі Барвовага Шасьцікутніка: кнігі, па фармаце меншыя за звычайныя; усемагутныя, ілюстраваныя і чарадзейныя.

          Вядомае таксама й іншае павер’е таго часу: павер’е аб Чалавеку Кнігі. У нейкай этажэрцы нейкага шасьцікутніка (разважалі людзі), мусіць існаваць кніга, што ёсьць падлік і падсумаваньне ўсіх іншых. Нейкі бібліятэкар прагледзеў яе і стаў падобны богу. У мове маёй акругі яшчэ захоўваюцца сьляды пакланеньня таму далёкаму службоўцу. Многія падарожнічалі ў пошуку Яго. Упустую былі змораны самыя розныя кірункі. Як знайсьці той шаноўны таемны шасьцікутнік, што прытуліў Яго? Нехта прапанаваў адваротны мэтад: Каб знайсьці кнігу А, перш зьвярніцеся да кнігі Б, якая пакажа месцазнаходжаньне А; каб знайсьці кнігу Б, перш зьвярніцеся да кнігі В, і так без канца… Гэтага роду авантуры й растрацілі, праглынулі мае гады́. Тое, што ў адной з этажэрак сьвету ёсць усеабдымная кніга*, ня бачыцца мне непраўдападобным; малюся забытым багам, каб чалавек – хоць адзін, хоць праз тысячу год! – убачыў і прачытаў яе. Калі тыя гонар, мудрасьць і шчасьце не прызначаны мне, няхай дастануцца іншым. Няхай будуць нябёсы, хоць бы мне й гарэць у пекле. Зьнішчай мяне і праклінай, але няхай Твая аграмадная Бібліятэка калі-небудзь набудзе ў кім-небудзь свой сэнс.

          Бязбожнікі сьцвярджаюць, што недарэчнасьць уласьціва Бібліятэцы і  ўсё разумнае ў ёй (нават простая і беззаганная пасьлядоўнасьць) зьяўляецца ледзь не цудоўным выключэньнем. Яны кажуць (я ведаю), што “ліхаманкавая Бібліятэка, чые няўстойлівыя тамы няспынна пагражаюць перамяніцца на іншыя, усё сьцьвярджае, усё адмаўляе і ўсё блытае, нібы ашалелы бажок”. Словы гэтыя, што ня толькі ганяць бязладзьдзе, але й зьяўляюцца яму прыкладам, бясслаўна сьведчаць аб дрэнным гусьце й безнадзейным невуцтве іх аўтара. На самай справе,  Бібліятэка зьмяшчае ў сабе ўсе моўныя структуры і іх варыяцыі, якія толькі дазваляюць дваццаць пяць правапісных знакаў, але ніводнай безумоўнай недарэчнасьці. Ня мае значэньня, што лепшы том ва ўсім мностве падуладных мне шасьцікутнікаў называецца “Прычасаны гром”, а іншы – “Тынкава сутарга”, а іншы – “Ахахахас млё”. Гэтыя спалучэньні, на першы погляд бессэнсоўныя, несумненна здольныя быць крыптаграфічна і алегарычна раскрытымі; гэтае раскрыцьцё слоўнае і, ex hypothesi, ужо знаходзіцца ў Бібліятэцы. Я не магу спалучыць знакі

дгцмрлхтдй

такім чынам, якога боская Бібліятэка не прадбачыла і які ў адной зь яе таемных моваў не хавае жахлівага сэнсу. Ніхто ня можа вымавіць і гука, які б ня поўніўся пяшчотай і страхам; які б ня быў у адной з тых моў магутным імем божым.  Гаварыць – значыць чыніць таўталёгіі. Гэтае бескарыснае пасланьне-пустаслоўе ўжо існуе ў адным з трыццаці тамоў адной з пяці этажэрак аднаго зь незьлічоных шасьцікутнікаў, так жа й яго абвяржэньне. (N-ная колькасьць магчымых моў выкарыстоўвае адзін і той жа слоўнікавы запас; у некаторых верным азначэньнем слова бібліятэка прызнаецца “усюдыісная і вечная сыстэма шасьцікутных галерэй”, але сама бібліятэка – “бохан”, “піраміда” ці што заўгодна яшчэ, а шэсьць словаў, якія азначаюць яе, маюць іншы сэнс. Ты, што чытаеш мяне, упэўнены, што разумееш маю мову?)

Плянамернае пісьмо дазваляе мне ня думаць пра цяперашні стан людзей. Упэўненасьць, што ўсё ўжо напісана, альбо руйнуе нас, альбо ператварае ў зданяў. Ведаю раёны, дзе моладзь падае ніцма перад кнігамі й па-барбарску цалуе старонкі, але ня можа разабраць ніводнай літары. Эпідэміі, гэрэтычныя звадкі ды пілігрымкі, што непазьбежна выраджаюцца ў разбой, вынішчылі нас. Падаецца, я ўжо згадваў самагубствы, з кожным годам усё часьцейшыя. Мабыць, старасьць і страх дураць мяне, але я падазраю, што чалавечы род – адзіны – хутка вымра, а Бібліятэка застанецца: асьветленая, самотная, бясконцая, зусім нерухомая, узброеная бясцэннымі тамамі, бескарысная, непахісная, таемная.

Вось і напісаў: бясконцая. Я пазьбягаў гэтага прыметніка па рытарычнай звычцы; заўсёды казаў, што няма нічога нелягічнага ў тым, каб думаць, што сьвет бясконцы. Тыя, хто лічыць яго абмежаваным, заяўляюць, нібы ў далёкіх кутах калідоры і лесьвіцы нейкім чынам могуць спыняцца – што абсурдна. Тыя, хто ўяўляе яго бязьмежным, забываюць, што існуе гранічная колькасьць магчымых кніг. Дазволю сабе прапанаваць наступнае вырашэньне даўняй праблемы: Бібліятэка бязьмежная і пэрыядычная. Калі вечны вандроўнік будзе ісьці, не мяняючы кірунку, па сканчэньні соцень год пераканаецца, што адны і тыя ж кнігі паўтараюцца ў адным і тым жа беспарадку (які, паўтараю, і будзе адмысловым парадкам: Парадкам). Гэтая элегантная надзея цешыць маю адзіноту.*

Author

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About