Donate
Prose

Габрыэль Гарсія Маркес. Адзін з тых дзён

Kirył Bułaj09/02/23 14:201.3K🔥
Odd Nerdrum, The Dentures, 1983
Odd Nerdrum, The Dentures, 1983

Панядзелак заняўся прахалодны, але без дажду. Дон Аўрэліа Эсковар, дантыст без дыплёма й любіцель пачынаць дзень разам з сонцам, адкрыў свой кабінэт у шэсьць. Ён дастаў зь вітрыны ўстаўную ськівіцу, яшчэ не пазбаўленую гіпсавай формы, і расклаў на стале інструмэнты ад вялікага да маленькага, як для выставы. Апрануты ён быў у паласатую кашулю без каўняра, зашпіленую зьверху пазалочаным гузікам, і штаны на падцяжках. Хударлявы й нягнуткі, ён меў вочы, позірк якіх часта падаваўся людзям недарэчным, як позірк глухіх.

Скончыўшы з рэчамі на стале, ён падкаціў бор да круцячагася крэсла й сеў тачыць ськівіцу. Выглядала так, нібы ён працуе ня думаючы, але работа яго, ў любым выпадку, была руплівай. Ён не пераставаў круціць пэдалі бора нават тады, калі той быў яму непатрэбны.

Пасьля васьмі ён перапыніўся, каб паглядзець праз вакно на неба, і ўбачыў двух задуменных грыфаў, якія лавілі сонца на вільчыку суседняга дома. Дон Аўрэліа Эсковар вярнуўся да працы з думкай аб тым, што пасьля абеду пойдзе дождж. З задуменьня яго выдраў крыклівы голас адзінаццацігадовага сына.

— Тату.

— Што.

— Прыйшоў алькальд, хоча, каб ты выдраў яму зуб.

— Скажы, што мяне няма.

Ён выцягнуў у руках залаты зуб, паліроўкай якога займаўся ў той момант, і паўзакрытымі вачыма агледзеў яго. З залы чаканьня зноў пачуўся крык сына.

— Кажа, ведае, што ты на месцы, бо чуе цябе.

Дантыст працягваў ацэньваць зуб. Толькі знайшоўшы працу скончанай ды адклаўшы зуб, уздыхнуў:

— Ужо лепей.

Вярнуўся да бора. З каробкі, дзе захоўваў адкладзенае на пасьля, дастаў дэталі яшчэ не сабранага пратэза й узяўся паліраваць іх.

— Тату.

— Што.

Ён яшчэ захоўваў выгляд абыякавасьці.

— Кажа, калі ня выдзераш яму зуб, застрэліць.

Нясьпешна, рухаючыся надзвычай спакойна, дон Аўрэліа Эсковар спыніў пэдалі бора, адсунуў яго ад крэсла й цалкам выцягнуў ніжнюю шуфляду стала. Унутры ляжаў рэвальвэр.

— Добра, — нарэсьце прамовіў ён, — скажы, хай заходзіць і страляе.

Ён павярнуўся на крэсьле тварам да дзьвярэй і паклаў руку на край шуфляды. На парозе зьявіўся алькальд. Яго левая шчака была паголеная, але другая, распухлая, запаленая болем, мела пяцідзённую шчэць. Дантыст ўбачыў у патухлых вачах многія ночы адчаю. Ён засунуў шуфляду кончыкамі пальцаў й мякка сказаў:

— Сядайце.

— Добры дзень, — прамармытаў алькальд.

— Добры, — адказаў яму дантыст.

Пакуль кіпяціліся інструмэнты, алькальд паклаў галаву на сьпінку сядзеньня й адчуў палёгку. Ён удыхаў холад. Кабінэт быў бедны: старое драўлянае крэсла, пэдальны бор і вітрына з глінянымі ручкамі. Насупраць крэсла — акно, да ўзроўню чалавечага росту заслоненае тканкавай перагародкай. Адчуўшы набліжэньне дантыста, алькальд упёрся нагамі ў падлогу й адкрыў рот.

Дон Аўрэліа Эсковар павярнуў яго твар да сьвятла. Скончыўшы аглядаць хворы зуб, асцярожным ціскам пальцаў накіраваў ськівіцу алькальда ў зручнае для сябе становішча.

— Мусім рабіць без анэстэзіі.

— Чаму?

— Таму, што ў вас абсцэс.

Алькальд зазірнуў яму ў вочы.

— Ну, добра, — пагадзіўся ён і паспрабаваў усьміхнуцца. Дантыст не адказаў яму тым жа. Ён перанёс на стол патэльню са стэрыльнымі інструмэнтамі і, ўсё яшчэ не спяшаючыся, дастаў іх з вады халодным пінцэтам. Затым пасунуў мыском бота плявальніцу й пайшоў да рукамыйніка. Усё гэты без аніводнага позірку ў бок алькальда. Алькальд жа ня выпусьціў яго з поля зроку ні на імгненьне.

Хвароба была ў ніжнім зубе мудрасьці. Дантыст расставіў ногі для ўстойлівасьці й націснуў на зуб гарачымі шчыпцамі. Алькальд сьціснуў падлакотнікі, вызваліў з ног усю сілу й адчуў ледзяную пустэчу ў нырках, але зь яго ня вырваўся ні ўздых. Дантыст толькі паварушыў пясьцю й бяз злобы, хутчэй са зьедлівай пяшчотай, прамовіў:

— Сёньня, спадару, вы плаціце нам за дваццаць нашых забітых.

Алькальд адчуў хруст костак у ськівіцы, і яго вочы напоўніліся сьлязьмі. Але ён і не ўздыхнуў, пакуль не адчуў, што зуб выходзіць. І тады ён праз сьлёзы убачыў яго. Неўражальны выгляд зуба быў такім несуадносным з вытрыманым болем, што не атрымлівалася й ўсьвядоміць пакуту пяці папярэдніх начэй. Па целе алькальда, сагнутым над плявальніцай, бег пот. Задыхаючыся, ён расшпільваў кіцель і ўсьляпую шукаў хустку ў кішэні штаноў. Дантыст падаў яму чыстую анучу.

— Вытрыце сьлёзы.

І алькальд выцер. Яго трэсла. Пакуль дантыст мыў рукі, ён ўбачыў працятую трэшчынамі столь і пыльную павуціну з павуковай кладкай ды мёртвымі насякомымі. Дантыст вярнуўся, абціраючы рукі.

— Цяпер адпачывайце, — сказаў ён, — і палашчыце рот салёнай вадой.

Алькальд разьвітаўся пагардлівым вайсковым салютам і накіраваўся да дзьвярэй, разьмінаючы ногі, без аніякай увагі расшпіленаму кіцелю.

— Дашліце рахунак, — кінуў ён.

— Вам ці ў муніцыпалітэт?

Алькальд не азірнуўся. Ён закрыў дзьверы й празь іх мэталічную сетку прамовіў:

— Гэта адно й тое ж.

Author

Dan
Ilya Dudarchik
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About