Donate
Society and Politics

La conciencia de la mestiza. На шляху да новай самасвядомасці.

dk dryhwa07/11/23 12:451.6K🔥

Перад вамі пераклад урыўка з кнігі “Borderlines/La Frontiera: The New Mestiza” (1987) Глорыі Анзалдуа (1961-2004), палітычнай актывісткі, феміністкі і даследчыцы культуры Чыкана. Глорыя вырасла на мяжы Мексікі і ЗША ў збяднелай фермерскай сям’і. У сваіх тэкстах яна даследуе досвед жыцця на памежных тэрыторыях і ў памежных ідэнтычнасцях. Разважаючы пра пытанні сексуальнасці, расы, дыскрымінацыі і сістэмнага прыгнёту, Анзалдуа шукае стратэгіі салідарнасці ў крос-культурных прасторах.

Перакладаючы тэкст, напісаны па-англійску і па-іспанску, мы намагаліся захоўваць ягоную двухмоўнасць.

Гэта пераклад з расейскай зроблен групай валанцер:ак пры ўдзеле Сашы Ігнатовіч, Яні Равякі і Alesia_K.

Por la mujer de mi raza Для жанчыны маёй расы

hablara el espiritu. будзе прамаўляць дух. (1)

Хасэ Васканселас, мексіканскі філосаф, прадказаў з’яўленне una raza mestiza, una mezcla de razas afines, una raza de color — la primera raza sintesis del globo (расы паўкровак, змяшэнне сумежных рас, расы колеру — першай сінтэтычнай расы ў свеце). Ён акрэсліў яе касмічнай пятай расай, la raza cosmica (касмічнай расай), якая змяшчае ў сабе чатыры асноўныя расы свету (2). У супрацьлегласць тэорыі чыстых арый і палітыкі расавай чысціні, якую практыкуе белая Амерыка, ягоная тэорыя — пра інклюзію. У зліцці дзвюх ці болей генетычных плыняў, у сталым руху храмасом, у сумесі рас замест найнізшай істоты з’яўляюцца гібрыдныя нашчадкі: зменлівы, больш гнуткі від з багатым генафондам. З гэтага расавага, ідэалагічнага, культурнага і біялагічнага перакрыжаванага апылення ствараецца свядомасць чужаніцы — новая месцізная свядомасць, una conciencia de mujer (свядомасць жанчыны), свядомасць Памежжа.

Una lucha de fronteras / Барацьба межаў

Таму што я, месціза,

Выходжу з адной культуры

І ўваходжу ў іншую,

Таму што я частка ўсіх культур адначасова,

alma entre dos mundos, tres, cuatro (душа паміж двума, трыма, чатырма светамі),

me zumba la cabeza con lo contradictorio (мая галава расколваецца ад супярэчнасцей).

Estoy norteada por todas las voces que me hablan (Мяне накіроўваюць усе галасы, якія размаўляюць са мной)

Simultaneamente (Адначасова).

Двухсэнсоўнасць праз супрацьстаянне галасоў прыводзіць да ментальнай і эмацыйнай разгубленасці. Унутраны канфлікт выклікае няўпэўненасць і нерашучасць. Месцізная падвойная або множная асоба знясілена неспакоем псіхікі.

У несупынным стане разумовага непантылізму — гэта ацтэкскае слова, якое акрэслівае разрыў паміж шляхамі, la mestiza (месціза) — вынік пераходу культурных і духоўных каштоўнасцей ад адной групы да іншай (3). З’яўляючыся трохкультурнай, моналінгвальнай, білінгвальнай або мультылінгвальнай, той, якая размаўляе на патуа, якая знаходзіцца ў стане бясконцага пераходу, месціза сутыкаецца з дылемай змяшанай пароды: да чыёй супольнасці прыслухоўваецца дачка цемнаскурай маці? (4)

El choque de un alma atrapado entre el mundo del espirituy el mundo de la técnica a veces la deja entullada (Сутыкненне душы, сціснутай паміж светам духу і светам тэхналогій, часам агаломшвае яе). Выпешчаная ў адной культуры, заціснутая паміж дзвюма культурамі, трансмежная ў дачыненні да адразу трох культур і іх сістэм каштоўнасцяў, месціза зазнае барацьбу плоці, барацьбу межаў, унутраную вайну. Мы атрымліваем множныя, часта супрацьлеглыя пасланні, як і ўсе, хто атрымалі ў спадчыну або жывуць у больш чым адной культуры. Спалучэнне дзвюх паасобку стройных, аднак несумяшчальных адна з адной на практыцы сістэм поглядаў (5) прыводзіць да un choque (сутыкнення), культурнай калізіі.

Унутры нас і ўнутры la culture chicana (культуры Чыкана) агульнапрынятыя ўяўленні белай культуры супярэчаць агульнапрынятым уяўленням Мексіканскай культуры, а ўдваіх яны супярэчаць агульнапрынятым уяўленням карэннай культуры (6). Мы несвядома ўспрымаем як пагрозу тое, што супярэчыць нам і нашым перакананням, і намагаемся блакаваць гэта супрацьдзеяннем.

Аднак недастаткова сысці на іншы бераг ракі і выкрыкваць адтуль пытанні, ставячы пад сумнеў белыя патрыярхальныя канвенцыі. Супрацьдзеянне замыкае нас у дуэлі прыгнятальніка і прыгнечанага, якія счапіліся ў смяротнай бойцы, як коп і злачынца, дзе абодва прыведзены да агульнага назоўніка гвалту. Супрацьдзеянне абвяргае дамінуючыя культурныя погляды і перакананні, і таму яно ганарыцца сваёй непакорлівасцю. Усе рэакцыі абмежаваны і залежаць ад таго, супраць чаго яны накіраваны. Паколькі супрацьдзеянне ўзнікае праз праблему ўлады — як знешняй, так і ўнутранай, — яно паўстае крокам да вызвалення ад культурнай дамінацыі. Але яно не можа з’яўляцца спосабам жыцця. Аднойчы для таго, каб прыйсці да новай свядомасці, нам давядзецца пакінуць супрацьлеглы бераг і нейкім чынам загаіць разрыў паміж двума смяротнымі ворагамі, так што мы знойдзем сябе на абодвух берагах адначасова і будзем глядзець адразу ж вачыма і змяі, і арла. Або, магчыма, мы вырашым не ўдзельнічаць больш у дамінуючай культуры, увогуле выкрасліць яе як безнадзейны выпадак і перайсці межы цалкам новых і асобных тэрыторый. Або мы абяром нейкі яшчэ шлях. Магчымасці незлічоныя, варта толькі адважыцца дзейнічаць, а не рэагаваць.

Талерантнасць да Нявызначанасці

У нязведаных морах гэтых шматлікіх магчымасцяў пялёскаецца месціза. Ад супярэчлівай інфармацыі і супрацьлеглых пунктаў погляду яе псіхалагічныя межы размываюцца. Яна разумее, што не можа ўтрымліваць ідэі і канцэпцыі ў жорсткіх рамках. Межы і сцены, якія павінны стрымліваць непажаданыя ідэі, — гэта ўкарэненыя звычкі і мадэлі паводзін; гэтыя звычкі і мадэлі — унутраны вораг. Рыгіднасць азначае смерць. Толькі застаючыся гнуткай, яна здольна расцягваць свядомасць гарызантальна і вертыкальна. Месціза павінна ўвесь час пазбаўляцца ўжо звыклых фармацый; яна павінна ўнікаць застаялага мыслення, аналітычных разважанняў, якія выкарыстоўваюць рацыянальнасць, каб рухацца да адзінай мэты (па Заходнім узоры), да мыслення разнастайнасці (дывергентнага (7)), якое характарызуецца адыходам ад прадвызначаных мадэляў і мэтаў да больш цэласнай перспектывы ‒ той, якая далучае, а не выключае.

Новая месціза ўпраўляецца з гэтым, развіваючы талерантнасць да супярэчнасцей, талерантнасць да нявызначанасці. Яна вучыцца быць Індыянкай у Мексіканскай культуры, быць Мексіканкай для Англа (8). Яна вучыцца жангляваць культурамі. У яе множная асоба, яна існуе ў рэжыме множнасці — яна нічога не выкідае з сябе, ні добрае, ні дрэннае, ні агіднае, нічога не адмаўляе і не пакідае па-за. Яна не толькі падтрымлівае супярэчнасці — яна ператварае амбівалентнасць у штосьці большае.

Са стану амбівалентнасці яе могуць вырваць вострыя і часта балючыя эмацыйныя падзеі, якія парушаюць або зніжаюць гэтую амбівалентнасць. Я не ўпэўнена, якім менавіта чынам. Гэтая праца адбываецца прыхавана ў несвядомым. Гэтую працу робіць душа. Кропка абапірання, скрыжаванне, на якім стаіць месціза — гэта месца, дзе з’явы сутыкаюцца адна з адной. Гэта месца, дзе можна спалучыць усё, што было раз’яднана. Гэты саюз — не проста судакрананне разарваных або раз’яднаных кавалкаў. І не спроба збалансаваць супрацьлеглыя сілы. Для таго, каб ажыццявіць сінтэз, неабходна дадаць трэці элемент, які пераважае суму разарваных частак. Гэты трэці элемент — новая свядомасць, свядомасць месцізы. І нягледзячы на тое, што гэтая свядомасць выклікае востры боль, яе энергія сыходзіць з заўсёднага творчага дзеяння, якое разбурае аб’яднальны аспект кожнай новай парадыгмы.

En unas pocas centurias (Праз некалькі стагоддзяў) будучыня будзе належаць месцізе. Паколькі будучыня залежыць ад злому парадыгмаў, яна ў тым ліку залежыць і ад змяшэння дзвюх і болей культур. Ствараючы новы міфас — а менавіта мяняючы тое, як мы разумеем рэчаіснасць, як мы бачым саміх сябе і тое, як мы сябе паводзім, — месціза стварае новую свядомасць.

Праца месцізнай свядомасці заключаецца ў тым, каб зламіць дуальнасць суб’екта-аб’екта, што трымае яе ў закладніках, і паказаць праз цела і праз вобразы ў яе працах, як пераадолець гэтую дуальнасць. Вырашэнне праблемы паміж белай расай і людзьмі Колеру, паміж мужчынамі і жанчынамі палягае ў ацаленні разрыву, які выяўляецца з самага фундамента нашых жыццяў, нашай культуры, нашых моваў, нашых думак. Масавае выкараненне дуалістычнага мыслення ў чалавека і калектыўнай свядомасці — гэта пачатак доўгай барацьбы; той барацьбы, якая ў нашых самых адважных марах пакладзе канец гвалтаванням, гвалту, вайне.

La encrucijada / Скрыжаванне

Курыцу прыносяць у ахвяру

На скрыжаванні, просты насып з зямлі

Храм з бруду для Эшу,

Бог нявызначанасці Ёруба,

Які блаславіў ейны выбар шляху.

Яна пачынае сваё падарожжа.

Su cuerpo es una bocacalle (Тваё цела — вуліца).

З ахвярнай казы месціза ператварылася ў жрыцу на скрыжаванні.

Я месціза — і таму ў мяне няма краіны, мая радзіма мяне выгнала; аднак пры гэтым усе краіны — мае краіны, бо я сястра кожнай жанчыны або яе патэнцыйная каханка. (Я лесбійка — і таму ў мяне няма расы, мае людзі выракліся мяне; аднак пры гэтым я — усе расы, бо квірная частка мяне ёсць ва ўсіх іх). Я феміністка — і таму ў мяне няма культуры; я супраціўляюся калектыўным культурніцкім/рэлігійным Інда-Іспанскім перакананням і перакананням Англас, якія выпешчваліся мужчынамі; і разам з гэтым я — частка культуры, бо ўдзельнічаю ў стварэнні цалкам інакшай культуры, новай гісторыі, якая тлумачыць свет і наш удзел у ім, новай сістэмы каштоўнасцяў з сімвалаў і вобразаў, якія спалучаюць нас адно з адным і з планетай.

Soy un amasamiento (Я — сумесь), я — працэс змяшэння, працэс спалучэння, які нараджае і істоту цемры, і істоту святла, а яшчэ істоту, якая ставіць пад сумнеў вызначэнні святла і цемры і акрэслівае іх па-новаму.

Мы — людзі, якія скачуць у цемру, мы — людзі, якія стаяць на каленях перад багамі. Цераз нашу плоць (р)эвалюцыя даследуе сутыкненне культур. Гэта ўвесь час прыводзіць нас у стан вар’яцтва, аднак калі мы вытрываем, гэта значыць, што мы зрабілі эвалюцыйны крок наперад. Nuestra alma el trabajo (Наша душа — гэта праца), опус, вялікая алхімічная праца; духоўны mestizaje (меціс), “марфагенезіс” (9), непазбежнае развіццё. Мы сталі рухам змяі, які паскараецца.

Карэнная, як кукуруза, і, як кукуруза, месціза — прадукт скрыжавання, створаная для выжывання ў любых умовах. Як колас кукурузы — жаночы орган з насеннем, месціза ўчэпістая, яна шчыльна ахутана шалупіннем сваёй культуры. Як зярняткі, яна туліцца да катаха; тоўстымі сцяблінамі і дужымі каранямі яна моцна трымаецца за зямлю — яна выжывае на скрыжаваннях.

Lavando y remojando el maíz en agua de cal, despojando el pellejo (Адмываючы і замочваючы кукурузу ў вапнавай вадзе, здымаючы лупінне). Moliendo, mixteando, amasando, hacienda tortillas de masa (Крышачы, змешваючы, замешваючы, робячы тарціллі з цеста) (10). Яна акунае кукурузу ў вапну, тая набракае, становіцца мяккай. Яна перацірае кукурузу пры дапамозе каменнай качалкі на metate (жорнах), а потым перацірае яе яшчэ раз. Яна замешвае і фармуе цеста, качае круглыя шарыкі для тарціллі.


Мы — порыстая паверхня каменнай metate (жорнаў),

Усталяванай на зямлі.

Мы — качалка, el maiz y agua (кукуруза і вада),

la masa harina (цеста з мукі). Somos el amasijo (Мы — сумесь).

Somos lo molido en el metate (Мы — тое, што здробнена на жорнах).

Мы — распаленая comal (патэльня),

гарачая tortilla (тарцілля), галодны рот.

Мы — грубы камень.

Мы — здрабняльны рух,

Змяшанае зелле, somos el molcajete (мы — ступка).

Мы — мяла, comino (кмен), ajo (часнок), pimiento (перац),

Мы — chile colorado (чырвоны чылі),

зялёная сцябліна, што расколвае камень.

Мы вытрываем.

El camino de la mestiza / Шлях месцізы

Заспетая знянацку раптоўным звужэннем, збітым дыханнем і бясконцай прасторай, карычневая жанчына стаіць нерухома, углядаючыся ў неба. Яна вырашае спускацца, пракладаючы сабе шлях уздоўж каранёў дрэў. Прасейваючы косткі, яна падтрасае іх, спрабуючы вызначыць, ці ёсць у іх касцявы мозг. Затым, дакранаючыся зямлёй да свайго лба, да свайго языка, яна выбірае некалькі костак, пакідаючы іншыя ляжаць у месцы іх пахавання.

Яна разбірае заплечнік, пакідае дзённік і адрасную кнігу, выкідае мапы метро Muni-Bart. Манеты цяжкія, так што яны кіруюць следам, а затым у паветра ляцяць і папяровыя баксы. Яна пакідае нож, кансервавы нож для бляшанак і аловак для броваў. Яна кладзе ў заплечнік косткі, кавалкі кары, hierbas (зёлкі), арлінае пяро, змяіную скуру, магнітафон, бразготку і бубен, і выпраўляецца ў шлях, каб стаць поўнай tolteca (тальтэка (11, 11.2)).

Яе першы крок — правесці інвентарызацыю. Despojando, desgranan do, quitando paja (Зачышчэнне, аблушчэнне, выдаленне саломы). Але што менавіта яна атрымала ў спадчыну ад сваіх продкаў? Гэты цяжар на яе спіне. Што з гэтага — багаж яе Індзейскай маці, а што — багаж Іспанскага бацькі, што — багаж ад Англа?

Pero es difícil (Але гэта складана) — адрозніць lo heredado, lo adquirido, lo impuesto (атрыманае ў спадчыну, набытае, навязанае). Яна прапускае гісторыю праз сіта, адсейвае хлусню, разглядае сілы, часткай якіх мы былі як раса і як жанчыны. Luego bota lo que no vale, los desmientos, los desencuentos, el embrutecimiento (Затым адкідае ўсё, у чаго больш няма каштоўнасці: адмаўленні, размоўкі, жорсткасць). Aguarda el juicio, bondo y enraizado, de la gente antigua (Чакае суда старажытных народаў, справядлівага, які трывала ўкараніўся). Гэты крок — свядомы разрыў з усімі тымі, хто прыгнятае традыцыі ўсіх культур і рэлігій. Яна прамаўляе гэты разрыў, дакументуе барацьбу. Яна нанова інтэрпрэтуе гісторыю і, выкарыстоўваючы новыя сімвалы, стварае новыя міфы. Яна пачынае па-новаму глядзець на цемнаскурых, жанчын і квіраў. Яна ўмацоўвае сваю талерантнасць (і неталерантнасць) да нявызначанасці. Яна гатовая дзяліцца, станавіцца ўразлівай да пабочных спосабаў бачання і спосабаў мыслення. Яна адмаўляецца ад усіх ідэй пра бяспеку, пра звыклае. Дэканструяваць, канструяваць. Яна робіцца nahual (наўалам), што здольная ператварацца ў дрэва, у каёта, у іншага чалавека (12). Яна вучыцца ператвараць маленькае “я” ў поўнае “Я” (Self). Se hace moldeadora de su alma (Гэта фармуе душу). Segun la concepción que tiene de si misma, asi será (У адпаведнасці з уяўленнем пра сябе, такой яна і становіцца).

Que no se nos olviden los hombres (Не забывайце нас, мужчын)

Tu no sirves pa’nada (Ты нічому не даеш рады)

Ты ні для чога не прыдатная.

Eres pura vieja (Ты проста старая)

“Ты ўсяго толькі жанчына” азначае, што ты дэфектная. Як проціпастаўленне таму, каб быць un macho (мача / мужчынам). Сучаснае значэнне слова “machismo” (мачызм), як і сама канцэпцыя, насамрэч з«яўляецца вынаходствам Англа. Для такіх мужчын, як мой бацька, “macho” азначала быць дастаткова моцным, каб абараняць і падтрымліваць маю маці і нас, але заставацца здольным выказваць любоў. Сённяшні мача сумняецца ў сваёй здольнасці пракарміць і абараніць сваю сям»ю. Яго “machismo” — адаптацыя да прыгнёту, беднасці і нізкай самаацэнкі. Гэта вынік іерархічнага мужчынскага дамінавання. Англа, адчуваючы сябе недастатковым, непаўнавартасным і нямоглым, ссоўвае або пераносіць гэтыя пачуцці на Чыкана, выклікаючы ў яго пачуццё сораму. У Грынга-свеце Чыкана пакутуе празмернай пакорай і самавырачэннем, пачуццём сораму за самога сябе і самапрыніжэннем. У асяроддзі Лацінас ён пакутуе ад пачуцця моўнай непаўнавартаснасці і дыскамфорту, які гэтаму спадарожнічае; з карэннымі амерыканцамі ён пакутуе на расавую амнезію, якая ігнаруе нашу агульную кроў, і адчувае віну, таму што яго Іспанская частка забрала іх зямлю і прыгнятала іх. З іншага боку, у яго з'яўляецца празмерная кампенсаторная ганарыстасць побач з мексіканцамі. Яна перакрывае глыбокае пачуццё расавага сораму.

Страта ўласнай годнасці і самапавагі ў мача вырошчвае лжывы мачызм, які прыводзіць да падушэння жанчын і нават жорсткага абыходжання з імі. Побач з яго сексісцкімі паводзінамі жыве любоў да маці, якая пераважае над кожнай іншай любоўю. Адданы сын, мачысцкая свіння. Каб адмыць ганьбу за свае дзеянні, за само сваё існаванне і даць рады пачвары ў адлюстраванні, ён бярэцца за бутэльку, парашок, іголку і кулак.

Хоць мы і “разумеем” асноўныя прычыны мужчынскай нянавісці і страху і наступствы гэтага для жанчын, мы не даруем, мы не апраўдваем і мы больш не будзем з гэтым мірыцца. Ад мужчын нашай расы мы патрабуем прызнання/выкрыцця/сведчання таго, што яны раняць нас, гвалтуюць нас, баяцца нас і нашай сілы. Нам неабходна, каб яны паабяцалі пазбавіцца сваіх пагібельных практык прыніжэння. Але мы патрабуем дзеянняў яшчэ больш, чым слоў. Мы кажам ім: мы разаўём у сабе сілу, роўную вашай і моцы тых, хто прыніжаў нас.

Абсалютна неабходна, каб месцізы падтрымлівалі адна адну ў пераменах сексісцкіх элементаў Мексікана-Індзейскай культуры. Пакуль прыніжаецца жанчына, прыніжаецца Індзейскае і Чорнае ва ўсіх нас. Барацьба месцізы, перш за ўсё, — фемінісцкая барацьба. Пакуль los hombres (мужчыны) думаюць, што яны павінны chingar mujeres (ябаць жанчын) і адзін аднаго, каб быць мужчынамі, пакуль мужчын вучаць, што яны вышэйшыя за іншых і таму фаварытызаваныя культурай замест la mujer (жанчыны), пакуль быць vieja (старой) — гэта смешна, немагчыма вылекаванне нашай псіхікі. Мы ўжо на паўдарозе. Так нас любіць Маці, добрая маці. Першы крок — адвучыцца ад дыхатаміі puta/virgen (распусніца/нявінніца) і ўбачыць Coatlapopeuh — Coatlicue у Маці, Guadalupe (13, 14).

Пяшчоты, сімвала ўразлівасці, баяцца настолькі, што яна сыплецца на жанчын у выглядзе вербальнага аб'юзу і збіцця. Мужчыны нават больш, чым жанчыны, скаваныя гендарнымі ролямі. Жанчынам прынамсі хапіла адвагі разарваць гэтыя кайданы. Толькі гомасексуальныя мужчыны знайшлі ў сабе смеласць паглядзець у твар жанчыне ўнутры іх і кінуць выклік сучаснай маскуліннасці. Мне сустрэліся некалькі адзінокіх і ізаляваных, далікатных гетэрасексуальных мужчын (пачатак новага роду), але яны разгубленыя і заблытаныя сексісцкімі паводзінамі, якія не могуць выкараніць. Нам патрэбна новая маскуліннасць, а новаму мужчыну патрэбны рух.

Параўноўваць мужчын, якія адхіляюцца ад агульнай нормы, з мужчынам-прыгнятальнікам — агідная несправядлівасць. Asombra pensar que nos hemos quedado en ese pozo oscuro donde el mundo encier ra a las lesbianas (Дзіўна думаць, што мы засталіся ў той цёмнай яміне, дзе свет замыкае лесбіянак). Asombra pensar que hemos, como femenistas y lesbianas, cerrado nuestros corazones a los hombres, a nuestros hermanos los jotos, desheredados y marginales como nosotros (Дзіўна думаць, што мы, феміністкі і лесбіянкі, закрылі нашы сэрцы для мужчын, нашых квір-братоў, такіх жа адрынутых і маргінальных, як і мы самі). Перасякаючы культуры найчасцей, гомасексуальныя людзі маюць моцныя сувязі з белымі квірамі, Чорнымі, Азійк:амі, Карэннымі Амерыкан:камі, Лаціна, з квірамі ў Італіі, Аўстраліі і па ўсёй планеце. Мы паходзім з усіх колераў, усіх класаў, усіх рас ва ўсе часы. Наша роля — звязваць людзей адно з адным, Чорных з Габрэй:камі, з Індзей:камі, з Азіят:камі, з белымі, з іншапланетнымі, каб пераносіць ідэі і інфармацыю з адной культуры ў іншую. Гомасексуал:кі Колеру ведаюць больш пра іншыя культуры, заўсёды былі наперадзе (хоць часам і “ў шафе”) вызваленчай барацьбы ў гэтай краіне, адчувалі больш несправядлівасці і перажылі яе нягледзячы ні на што. Чыкана павінны прызнаць палітычны і мастацкі ўнёсак сваіх квіраў. Народ, слухай, што твая jotería (квірня) кажа (15).

Месцізнасць і квірнасць існуюць у гэтай кропцы часу эвалюцыйнага кантынууму з пэўнай прычыны. Мы — сумесь, якая даказвае, што ўсе крэўныя сувязі мудрагеліста пераплецены адна з адной і што мы спароджаныя падобнымі душамі.

Somos una gente (Мы — народ)

Hay tantísimas fronteras Ёсць мноства межаў

que dividen a la gente, Якія падзяляюць народ,

pero por cada frontera Але для кожнай мяжы

existe también un puente. Ёсць яшчэ і мост.

— Gina Valdes — Джына Вальдэс (16)

Падзеленыя лаяльнасці. Многія жанчыны і мужчыны Колеру не хочуць мець ніякіх спраў з белымі людзьмі. Даводзіцца траціць занадта шмат часу і сіл, каб растлумачыць белым жанчынам з сярэдняга класа, якія губляюць сацыяльнае становішча, што гэта нармальна для нас — жадаць валодання “маёмасцю”, бо на нашай земляной падлозе ніколі не было прыгожай мэблі або “раскошы” накшталт пральных машын. Многія мяркуюць, што белыя павінны ў першую чаргу самі дапамагаць свайму народу пазбаўляцца расавай нянавісці і страху. Але я, да прыкладу, аддаю перавагу таму, каб аддаваць частку сваіх сіл на тое, каб быць медыятаркай. Я думаю, што мы павінны дазволіць белым быць нашымі саюзні:цамі. Праз нашу літаратуру, мастацтва, corridos (карыды) і народныя казкі мы павінны падзяліць сваю гісторыю з імі, каб яны, арганізуючы камітэты дапамогі Вялікай Гары Хаваха або Чыкана-працаўнікам фермаў, або los Nicaraguenses (Нікарагуан:кам), не адштурхоўвалі людзей праз свае расавыя страхі і невуцтва (17). Яны прыйдуць, каб пабачыць, што яны не дапамагаюць нам, а ідуць, ведзеныя намі.

Нам неабходна казаць пра свае патрэбы і паасобку, і як адзінай расавай сутнасці. Нам трэба заявіць беламу грамадству: мы маем патрэбу ў тым, каб вы прынялі як факт тое, што Чыкана адрозніваюцца, каб вы прызналі сваё адарванне і адмаўленне нас. Мы маем патрэбу ў прызнанні таго, што вы адмаўляецеся бачыць у нас людзей, што вы крадзеце нашы землі, нашы асобы, нашу самапавагу. Нам патрэбна ваша публічная рэстытуцыя. Прызнанне таго, што вы імкняцеся да ўлады над намі, каб кампенсаваць сваё ўласнае пачуццё дэфектнасці, выкрэсліваеце нашу гісторыю і наш вопыт, таму што яны прымушаюць вас адчуваць віну — а вы аддаяце перавагу таму, каб забыць уласныя жорсткія дзеянні. Прызнанне таго, што вы аддзяляеце сябе ад груп меншасцяў, што вы выракаецеся нас, што ваша дваістая свядомасць расколваецца на часткі, пераносячы “негатыўныя” часткі на нас. (Там, дзе ёсць пераслед меншасцяў, ёсць і ценявая праекцыя. Дзе ёсць гвалт і вайна, там ёсць падушэнне ценю). Прызнанне таго, што вы баіцеся нас і што дзеля аддалення ад нас вы носіце маску пагарды. Прызнайце, што Мексіка — ваш двайнік, што яна існуе ў цені гэтай краіны, што мы незваротна звязаныя з ёй. Грынга, прымі допельгангера ў сваёй псіхіцы. Забраўшы назад свой калектыўны цень, вы вылечыце ўнутрыкультурны раскол. І, нарэшце, раскажыце, што вам трэба ад нас.

Па тваім сапраўдным твары мы пазнаем цябе

Я бачная (бачыш гэты індзейскі твар?), але я ў той жа час невідзімка. Я асляпляю іх сваім носам-дзюбай, і я адначасова іх сляпая пляма. Але я існую, мы існуем. Ім хацелася б думаць, што я растварылася ў катле. Але я не растварылася, мы не растварыліся.

Белая культура, якая дамінуе, забівае нас павольна з дапамогай свайго невуцтва. Забіраючы наша самавызначэнне, яна зрабіла нас слабымі і пустымі. Як народ мы супраціўляліся і занялі выгадныя пазіцыі, але нам ніколі не дазвалялася развівацца без абмежаванняў, нам ніколі не дазвалялася быць цалкам самімі сабой. Белыя ва ўладзе хочуць, каб мы, людзі Колеру, забарыкадавалі сябе за асобным мурам племя, каб яны маглі адстрэльваць нас па чарзе з дапамогай сваёй нябачнай зброі, каб яны маглі адбельваць і перакручваць гісторыю. Невуцтва падзяляе людзей, стварае прадузятасці. Дэзінфармаваныя людзі — гэта заваяваныя людзі.

Перад тым, як Чыкана і працаўні:ца без дакументаў, і Мексікан:ка змогуць сабрацца разам, перад тым, як Чыкана зможа аб'яднацца з Карэннымі Амерыкан:камі і іншымі групамі, мы павінны даведацца пра гісторыю іх барацьбы, а яны павінны даведацца пра нашу. Нашы маці, нашы сёстры і браты, хлопцы, якія бадзяюцца па кутах вуліц, дзеці на гульнявой пляцоўцы, кожная і кожны з нас павінны ведаць наш Індзейскі радавод, нашу afro-mestizaje (афра-месцізнасць), гісторыю нашага супраціву.

Мы павінны выкладаць нашу гісторыю імігрантам — mexicana (мексікан:кам) і тым, хто нядаўна прыбыў. Усе 80 мільёнаў mexicanos (мексікан:ак) і лаціна з Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі павінны ведаць пра нашу барацьбу. Кожная і кожны з нас павінны ведаць базавыя факты пра Нікарагуа, Чылі і ўсю Лацінскую Амерыку. Лацінаісцкі рух (калі Чыкана, Пуэртарыкан:кі, Кубін:кі і іншыя іспанамоўныя народы змагаюцца разам супраць расавай дыскрымінацыі на рынку) — гэта добра, але яго недастаткова. У нас няма нічога, што ўтрымлівала б нас разам, акрамя падобнай культуры. Мы павінны сустрэцца на больш шырокай агульнай зямлі.

Барацьба ўнутры нас: Чыкана, indio (індзейскія супольнасці), Індаамерыканцы, mojado (махада), mexicano (мексікан:кі), лацінаімігрант:кі, Англа ва ўладзе, працоўныя Англа, Чорныя, Азій:кі — наша псіхіка нагадвае памежныя гарады, населеныя адным народам (18). Барацьба заўсёды была ўнутранай і разыгрывалася на знешніх тэрыторыях. Разуменне нашай сітуацыі павінна прыйсці раней за ўнутраныя змены, якія ў сваю чаргу папярэднічаюць пераменам у грамадстве. Нічога не адбываецца ў “рэальным” свеце раней, чым гэта адбудзецца ў вобразах у нашых галовах.

El dia de la Chicana (Дзень Чыкана)

Ніхто не пасароміць мяне больш,

І я не буду сароміць сябе.

Я апанаваная бачаннем таго, як мы, Чыкан:а вярнулі сабе або раскрылі нашы сапраўдныя твары, нашу годнасць і самапавагу. Гэта натхняльнае бачанне.

Пабачыць Чыкана нанова ў свеце яе гісторыі. Я шукаю аднаўлення, магчымасці бачыць скрозь выдумкі белай перавагі, бачанне сябе ў нашых сапраўдных абліччах, а не як фальшывыя расавыя маскі, якія наклалі на нас і якія мы наклалі на сябе самі. Я шукаю твар нашай жанчыны, нашыя сапраўдныя рысы, пазітыўныя і негатыўныя, бачныя выразна, свабодныя ад сапсаваных прадузятасцяў мужчынскага дамінавання. Я шукаю новыя вобразы ідэнтычнасці, новыя ўяўленні пра нас самiх, пра нашу чалавечнасць і каштоўнасці, якія больш ставяць пад пытанне.

Estamos viviendo en la noche de la Raza, un tiempo cuando el trabajo se hace a lo quieto, en lo oscuro (Мы жывем у ноч Расы, час, калі праца робіцца ціха, у цемры). El dia cuando aceptamos tal y como somos y para donde vamos y porque-ese día será el día de la Raza (Дзень, калі мы прымем сябе такімі, якія мы ёсць, зразумеем, куды мы ідзем і чаму, — і будзе Днём Расы). Yo tengo el conpromiso de expresar mi visión, mi sensibilidad, mi percepción de la revalidación de la gente mexicana, su mérito, estimación, honra, aprecio, y validez (У мяне ёсць абавязак выказаць маё бачанне, маё адчуванне, маё разуменне адраджэння мексіканскага народу, яго заслуг, павагі, гонару, удзячнасці і праўды).

Другога снежня, калі сонца ўваходзіць у мой першы дом, я святкую el día de la Chicana y el Chicano (дзень Чыкан:а). У гэты дзень я выціраю свае алтары, запальваю сваю Coatlalopeuh (Гвадэлупскую) свечку, палю шалфей і капал, прымаю el baño para espantar basura (ванную, каб адпудзіць нячыстых), падмятаю хату. У гэты дзень я агаляю сваю душу, раблю сябе ўразлівай перад сябрамі і сям'ёй, паказваючы свае пачуцці. У гэты дзень я сцвярджаю нашу сутнасць.

У гэты дзень я зазіраю ўсярэдзіну нашых канфліктаў і нашага базавага інтравертнага расавага тэмпераменту. Я вызначаю нашы патрэбы і агучваю іх. Я прызнаю, што “я” і раса зведалі раненні. Я заўважаю патрэбу ў тым, каб клапаціцца пра нашыя асобы, пра нашыя расавыя “я”. У гэты дзень я збіраю расколатыя і адрынутыя часткі la gente mexicana (мексіканскага народу) і трымаю іх у руках. Todas las partes de nosotros valen (Усе нашы часткі маюць каштоўнасць).

У гэты дзень я кажу: “Так, вы, людзі, раніце нас, калі выракаецеся нас. Вырак пазбаўляе нас пачуцця ўласнай каштоўнасці, наша ўразлівасць адкрывае нас сораму. Тое, што вы лічыце недастатковым, — гэта наша прыроджаная ідэнтычнасць. Мы саромеемся сваёй патрэбы ў вашай добрай ацэнцы, патрэбы ў вашым прыняцці. Мы больш не можам хаваць свае патрэбы, не можам дазволіць абарончым збудаванням і агароджам расці вакол нас. Мы больш не можам адступаць. Гневацца і глядзець на вас з пагардай — значыць гневацца і глядзець з пагардай на саміх сябе. Мы больш не можам вінаваціць вас, роўна як не можам адхіляць свае белыя часткі, мужчынскія часткі, паталагічныя часткі, квірныя часткі, уразлівыя часткі. Вось мы, бяззбройныя, з пустымі рукамі, з адной сваёй магіяй. Давайце паспрабуем наш спосаб, месцізны спосаб, спосаб Чыкана, жаночы спосаб”.

У гэты дзень я шукаю нашу неад'емную годнасць як народу, народу, які разумее сваё прызначэнне — належаць і спрыяць чамусьці больш вялікаму, чым наш pueblo (пуэбла) (19). У гэты дзень я шукаю аднаўлення і пераўтварэння маёй духоўнай ідэнтычнасці. ¡Animate! Raza, a celebrar el día de la Chicana. (Паўстань духам, Раса, каб адсвяткаваць Дзень Чыкана!)

El retorno (Вяртанне)

Усе рухі здзяйсняюцца ў шэсць крокаў, а сёмы прыносіць вяртанне.

— Кніга Змен (20)

Tanto tiempo sin verte casa mia,

mi cuna, mi h o ndo nido de la h uerta.

— “Soledad” (21)

Я стаю ля ракі, назіраю за змяёй, што выгінаецца, скручваецца; змяёй, прыбітай да плота там, дзе ўтока Рыа-Грандэ звальваецца ў Затоку.

Я вярнулася. Tanto dolor me costó el alejamiento (Так шмат болю прынесла мне гэтае расстанне). Я прымружваю вочы і гляджу ўгару. Касцяная дзюба ястраба павольна апісвае кола нада мною, пакуль той ацэньвае мяне ў якасці патэнцыйнай падліны. Услед за ім маленькая птушачка трапеча крыламі, лунаючы спарадычна, як рыбка. Хуткасная дарога ў багне трафіка ўдалечыні падобная на раздражнёную свінню.

Раптам зводзіць нутро, la tierra, los aguaceros (зямля, залевы). Мая зямля, el viento soplando la arena, el lagartijo debajo de un nopalito (вецер гоніць пясок, яшчарка пад кактусам). Me acuerdo como era antes (Я памятаю, якім усё было раней). Una región desertica de vasta llanuras, costeras de baja altura, de escasa lluvia, de chaparrales formados por mesquites y huizaches (Пустэльны рэгіён шырокіх раўнін, рэгіён малых ападкаў, рэгіён чапаралей, утвораных мескітамі і гуізакамі) (22). Калі напружыць вочы вельмі моцна, я амаль убачу іспанскіх бацькаў, якіх называлі “конніцай Хрыста”, ‒ як яны заязджаюць у гэтую даліну верхам на сваіх burros (аслах), убачу як пачынаецца сутыкненне культур.

Tierra natal (Родная зямля). Гэта хата, мястэчкі ў Даліне, los pueblitos (маленькія пуэбла) з загонамі для курэй і козамі, прывязанымі да кустоў мескітавага дрэва. En las colonias (У калоніях) па іншы бок шляхоў закінутыя машыны выбудоўваюцца ў дварах ярка-ружовых і лавандава-стрыжаных хат — мы называем гэта Чыкана-архітэктурай, самаіранічна. Я сумавала па тэлевізійных перадачах, дзе вядоўцы кажуць напалову так, а напалову гэтак, і дзе ўручаюць узнагароды ў музычнай катэгорыі “Тэкс-Мекс”. Я сумавала па мексіканскіх могілках, што квітнеюць штучнымі колерамі, па палям альясу і чырвонага перцу, шэрагам цукровага трыснягу, кукурузы, што звісае са сцёблаў, воблаку polvareda над бруднымі дарогамі ад пікапа, які паскараецца, el sabor de tamales de rez y venado (смаку тамале з ялавічыны і аленіны). Я сумавала па la yegua colorada (рудай кабыле), грызучай драўляную браму свайго стойла, паху конскага цела з загонаў Карыта. Hecho menos las noches calientes sin aire, noches de linternas y lechuzas (Па гарачых начах без паветра, начах ліхтароў і соваў), якія прапорваюць дзіркі ў ночы.

Я ўсё яшчэ адчуваю старую роспач, калі гляджу на непафарбаваныя, струхлелыя хаты з адкідаў піламатэрыялаў, пабудаваныя галоўным чынам з гафраванага алюмінію. Некаторыя з найбяднейшых людзей у Злучаных Штатах жывуць у Ніжняй Даліне Рыа-Грандэ на засушлівых і паўзасушлівых землях ірыгацыйнага земляробства, інтэнсіўнага сонечнага святла і жару, цытрусавых гаёў поруч з чапаралем і кактусамі. Я праходжу міма пачатковай школы, у якую хадзіла так шмат гадоў таму і якая заставалася сегрэгаванай да нядаўняга часу. Я помню, як белыя настаўнікі звычайна каралі нас за тое, што мы былі Мексікан:камі.

Як жа я люблю трагічную даліну Паўднёвага Тэхаса, як кліча яе Рыкарда Санчэз; мяжу паміж Нуэсэсам і Рыа-Грандэ. Гэта зямля перажыла захоп і дрэннае абыходжанне з боку пяці краін: Іспаніі, Мексікі, Рэспублікі Тэхас, ЗША, Канфедэрацыі і зноў ЗША. Яна перажыла акты англа-мексіканскай крэўнай помсты, лінчаванні, падпалы, згвалтаванні, рабаванні.

Сёння я бачу Даліну, якая ўсё яшчэ змагаецца за выжыванне. Атрымаецца ў яе ці не, у любым выпадку яна ніколі не будзе такой, якой я яе памятаю. Памежная дэпрэсія, выкліканая дэвальвацыяй песа ў Мексіцы ў 1982 годзе, прывяла да зачынення сотняў прадпрыемстваў Даліны. Шмат людзей страцілі хаты, машыны, зямлю. Да 1982 года ўласнікі крам у ЗША нажываліся на рознічным гандлі з Мексікан:камі, якія пераходзілі мяжу, каб набыць прадукты, адзенне і тэхніку. Тым часам як тавары на баку ЗША былі ў 10, у 100, у 1000 разоў даражэй для Мексіканскіх пакупні:ц, тавары на Мексіканскім баку былі ў 10, у 100, у 1000 разоў танней для Амерыкан:ак.

Паколькі Даліна галоўным чынам залежыць ад сельскай гаспадаркі і Мексіканскага рознічнага гандлю ‒ узровень беспрацоўя ў ёй самы высокі ўва ўсім памежным рэгіёне; менавіта Даліна пацярпела больш за ўсё (23).

“Дрэнны выдаўся год для кукурузы”, — кажа мой брат Нунi. Пакуль ён распавядае, я ўспамінаю, як мой бацька, узіраючыся ў неба дзень за днём, пакуль кукуруза вяла на сцябле, чакаў на дождж, які паклаў бы канец засусе. Мой бацька памёр 29 гадоў таму, запрацаваўся да смерці. Працягласць жыцця мексіканска:й сельскагаспадарча:й працаўні:цы — 56 гадоў, а мой бацька дажыў да 38. Мяне шакуе той факт, што я старэйшая за яго. Я таксама вызіраю ў небе дождж. Падобна старажытным людзям, я ўшаноўваю бога дажджу і багіню кукурузы, але, у адрозненне ад майго бацькі, я аднавіла іх імёны. Цяпер за дождж (арашэнне) прапаноўваецца не ахвярная кроў, а грошы.

“Сельская гаспадарка ў дрэнным стане”, — кажа брат. “Летась ад дзвюх да трох тысяч дробных і буйных фермерскіх гаспадарак краіны збанкруціліся. Шэсць гадоў таму кукуруза каштавала па 8 даляраў за сто фунтаў”, — працягвае ён. “Сёлета яна каштуе 3,90 даляра за сто фунтаў”. І, думаю я пра сябе, калі прыняць да ўвагі інфляцыю, то выйграць гэтую гонку можна толькі ў выпадку, калі зусім нічога не садзіць.

Я выходжу на задні двор, гляджу на los rosales de mama (ружы мамы). Яна хоча, каб я дапамагла ёй падрэзаць ружовыя кусты, выкапаць дыван травы, які душыць іх. Mamagrande Ramona tambien tenga rosales (У бабулі Рамоны таксама былі ружы). Кожн:ая мексікан:ка тут вырошчвае кветкі. Калі ў іх няма ні лапіка зямлі, яны выкарыстоўваюць аўтамабільныя покрыўкі, бляшанкі, бітоны, абутковыя скрынкі. Ружы — улюбёныя кветкі Мексікан:ак. Я думаю пра тое, як гэта сімвалічна — калючкі і ўсё іншае.

Так, Чыкан:а заўсёды клапаціліся пра зямлю і тое, што на ёй расце. Я зноў бачу нас, чацвярых дзяцей, якія выходзяць са школьнага аўтобуса, пераапранаюцца ў працоўнае адзенне і ідуць у поле разам з Татам і Маці, усіх шасцярых нас, якія прыхіліліся да зямлі. Пад нашымі ступнямі пад зямлёй ляжыць насенне кавуна. Мы накрываем насенне папяровымі талеркамі, кладзём terremotes (камяні) на талеркі, каб іх не здзьмула ветрам. Папяровыя талеркі засцерагаюць ад замаразкаў. На наступны дзень мы прыбіраем талеркі, агаляючы стыхіям маленечкія зялёныя парасткі. Яны выжываюць і растуць, даючы плады ў сотні разоў большыя, чым насенне. Мы паліваем іх і матычым іх. Мы збіраем іх плады. Лозы сохнуць, гніюць, пераворваюцца. Узрост, смерць, распад, народзіны. Глеба падрыхтаваная зноў і зноў, асемянёная, апрацаваная. Заўсёдная змена формаў, renacimientos de la tierra madre (адраджэнне маткі-зямлі).

Гэта зямля аднойчы была Мексіканскай,

Заўсёды была Індзейскай

І ёсць.

І будзе зноў.


Каментары:

1. Гэта мая ўласная інтэрпрэтацыя ідэі Хасэ Васканселаса. Jose Vasconcelos, La Raza Césmica: Mision de la Raza Ibero-Americana (México: Aguilar S.A. de Ediciones, 1961).

2. Васканселас.

3. Каментар перакладчы:цы: месціза — ключавая канцэпцыя для асэнсавання культур Лацінскай Амерыкі і працэсаў каланізацыі гэтых земляў Іспанскай імперыяй. Спрадвечна месціза — гэта тэрмін расавай катэгарызацыі і каставай сістэматызацыі, уведзены на тэрыторыях, падпарадкаваных Іспанскай імперыяй, для пазначэння людзей са змяшанай культурнай спадчынай карэнных народаў Амерыкі і Еўропы. La mestiza пазначае кабету-месціза. Актывіст:кі, якія адстойваюць правы карэнных народаў Амерыкі і правы супольнасцяў Лацінскай Амерыкі прайшлі доўгі шлях, каб вярнуць сабе, рэклейміць гэты тэрмін, і гэты тэкст — адзін з першых крокаў на шляху вяртання месцізы.

4. Каментар перакладчы:цы: Патуа — гаворка, дыялект, крэольская мова, змяшанне моў. Спрадвечна тэрмін меў зневажальную афарбоўку, і пазначаў, што гэта “грубы” варыянт мовы нябелых людзей з найніжэйшага класу.

5. Артур Кёстлер назваў гэта “бісацыяцыяй”. Albert Rothenberg, The Creative Process in Art, Science, and Other Fields (Chicago, IL: University of Chicago Press, 1979), 12.

6. Каментар перакладчы:цы: Чыкана — лацінаамерыканскае насельніцтва Паўднёвага Захаду ЗША.

7. Я пераважна выводжу свае вызначэнні “канвергентнага” і “дывергентнага” мыслення з працы Ратэнберга, с. 12–13.

8. Каментар перакладчы:цы: У Лацінаамерыканскай культуры словам “Англа” клічуць усіх белых англамоўных амерыкан:ак, якія не маюць лацінаамерыканскага паходжання.

9. Пазычым тэорыі “дысіпатыўных структур” хіміка Іллі Прыгожына. Прыгожын выявіў, што рэчывы ўзаемадзейнічаюць не тым прадказальным чынам, як гэта прадстаўляюць у навуцы, а рознымі і зменлівымі спосабамі, ствараючы новыя складанейшыя структуры, і гэта накшталт родаў, якія ён назваў “марфагенезам”, што стварае непрадказальныя інавацыі. Harold Gilliam, “Searching for a New World View”, This World (January, 1981), 23.

10. Tortillas de masa harina: кукурузныя аладкі бываюць двух тыпаў: гладкія аднародныя, якія гатуюць з дапамогай прэса, іх звычайна можна набыць на фабрыцы, дзе вырабляюць аладкі, ці ў супермаркеце, і гардзітас, прыгатаваныя шляхам змешвання masa з лярдам, шортанінгам ці маслам (мая мама часам дадае кавалачкі бекону ці то chicharrones).

11. Каментар перакладчы:цы: Індзейскі народ юта-ацтэкскай моўнай сям'і.

11.2 Гэта зноска ў арыгінальным тэксце (мабыць, па памылцы) прапушчаная.

12. Каментар перакладчы:цы: Науаль — дух-абаронца ў міфалогіі індзейскіх супольнасцяў Цэнтральнай Амерыкі. Найчасцей уяўляецца як жывёла, ягуар ці каёт.

13. Каментар перакладчы:цы: “Убачыць ацтэкскія/мексіканскія карані ў Панне Марыі Гвадэлупскай”. Панна Марыя — каталіцкая святая, якая прыйшла ў мексіканскую культуру пасля каланізацыі Іспанскай імперыяй. Выява Панны Марыі Гвадэлупскай — гэта выява ня-белай Панны Марыі. Само слова “Coatlalopeuh-Coatlicue” пазначае слова на нахуатль — мове з ацтэкскай групы моў — якое, хутчэй за ўсё, і надало гэтай выяве Панны Марыі назву “Гвадэлупская”.

14. Каментар перакладчы:цы: Nuestra Señora de Guadalupe — Our Lady of Guadalupe — Панна Марыя Гвадэлупская, абраз Багародзіцы, адна з самых шанаваных святыняў у Лацінскай Амерыцы.

15. Каментар перакладчы:цы: joto / jota — мексіканскі слэнг для квіроў, joteria — зборны назоўнік для квіроў.

16. Gina Valdés, Puentes y Fronteras: Coplas Chicanas (Los Angeles, CA: Castle Lithograph, 1982), 2.

17. Каментар перакладчы:цы: Карыда — песні-балады, адметныя для мексіканскай і лацінаамерыканскай культур.

18. Каментар перакладчы:цы: Mojado, “мокры”, зневажальны тэрмін, які выкарыстоўваецца для апісання мігрант:ак з Мексікі, якія трапілі ў ЗША “нелегальна”. Адсылае да “няпраўнага” пераходу мяжы Мексікі і ЗША праз Рыа-Грандэ, раку на мяжы.

19. Каментар перакладчы:цы: Асаблівы тып селішчаў у Мексіцы.

20. Richard Wilhelm, The I Ching or Book of Changes, у перакладзе Cary F. Baynes (Princeton, NJ: Princeton University Press, 1950), 98.

21. Песню “Soledad” спявае гурт Haciendo Punto en Otro Son.

22. Каментар перакладчы:цы: Чапараль — тып мясцовасці, зараснікі хмызнякоў, мескіт — назва дрэва, гуізак— назва дрэва.

23. З дваццаці дзвюх памежных акруг у чатырох памежных штатах акругі Гідальга (названы ў гонар Бацькі Гідальга, якога застрэлілі ў 1810 годзе пасля таго, як ён мабілізаваў Мексіку на паўстанне супраць іспанскага валадарства пад сцягам Панны Гвадэлупе), з'яўляецца найбяднейшай акругай у краіне, а таксама найбуйнейшай хатняй базай (разам з акругай Імперыял у Каліфорніі) для фермера:к-мігранта:к. Менавіта тут я нарадзілася і вырасла. Я ўражаная тым, што і акруга, і я выжылі.


Author

dk dryhwa
dk dryhwa
Kirył Bułaj
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About