Donate
ГРУППА ЛАТУРА

Цыкл аналогіі

Анисия Козлюк 19/12/19 13:361.7K🔥

Трубы абгорнутыя брызентам\ колер зменены ў ч\б \ пах знік я не памятаю \ ламаны рытм жалеза з жалезам \ залітаванае паветра \ нябачных зон скразнякі \ рух быццам адарваны ад \ брызент я не памятаю навобмацак \ пустэльны ландшафт \ валасы што выпадкова леглі \ дні што выпадкова выпалі \ не так яно было не так \ потым і не прыгадаеш адценняў \ бетон і салома \ тут пост-індустрыя прыроды \ водпуск у пятую пару года \ цытата як адлюстроўванне \ выпадкова спайманы погляд у нікуды \ блукаць захлынаючыся \ потым \ пост-траўма любові \ пост-практыка жыцця



Гэтыя масты нікуды не вядуць\ гэта ўвогуле не масты \ канструкцыі створаныя каб паснуць у траве \ балотны пах людзей \ якіх тут няма \ рыбаў незаўважных мутная смерць \ рашоткі на вокнах нуды \ адлюстраванне ў ім адлюстроўванне ў ім адлюстроўванне \ немасць \ тут не патануць \ можна забыцца на сябе \ месца ў якім з’яўляюцца каб піць ці \ месца ў якім з’яўляюцца каб пазіраць на дно \ рэштак душы \ пах мачы \ пах бетоннага моха \ квадраты вады \ якой тут тухнуць гадамі \ канкрэтнай паэзіі кадр \ абрэзаны помнік горада цела \ ускраінаў выйма ў нікУды \ ебеней безпрасветная багна \ у ёй можна знайсці сабе месца \ канец



Гэтай чыгункі ламаныя пальцы \ кольцы мастоў сыходзячых труб \ правады што ламаюць гарызонт \ неба цёмных кішак нуды \ адрыўныя дамы каляндара \ трохкутнікі і квадраты іржы \ абстрактны жывапіс інжынераў мёртвых даўно \ каліграфія гораду за горада мяжой \ тэрыторыя жыцця жалеза бетону і графіці \ мяжа для тых хто шукае боль \ гукі цягніка што рэжуць чэрвень \ месца смерці надзеяў \ масты па якіх не ходзіць ніхто \ колер сыходзячага лета \ шэрыя плямы далёкіх дамоў \ індустрыйны заход



Лініі ссунутыя не ўздоўж гарызонта \ паралельныя самі сабе \ знікальная архітэктура недабудаваных гмахоў \ копія канструкцый \ ёмішча мёртвых душ \ пігментныя плямы матэрыялаў \ неба колеру вачэй што згасаюць \ змерзлыя лініі што рухаюцца ўнікуды \ тут ніхто не жыў \ але столькі памрэ \ мёртвая праца \ мёртвае святло \ мёртвы колер бетонных блокаў \ лініі, няўстойлевыя бэлькі што стаміліся \ чысты боль пачварнай архітэктуры \ ты ратуеш яе рухаючы \ ствараючы няўстойлівы п’яны стан \ погляд які губляе раўнавагу \ быццам бы нешта ўпала \ і гладзіць знізу \ усё яшчэ спрабуючы наладзіцца \ не



Контуры ценяў \ контуры днёў \ светлавыя плямы \ фактура сценаў \ нуда цемры што паглынае \ стомленасць рук \ разрэзаныя праэкцыі адлюстраванняў \ увага да гушчыні валасоў \ няўлоўны боль \ чаканне \ нічога гэтага няма \ проста ламаныя вуглы \ оптыка як у кадры кіно \ нічога не адбудзецца \ белая млоснасць \ вядомая выява \ форма што патрабуе парушэння сна \ нехта глядзіць знутры \ гэта не нешта іншае \ гэта не нешта \ гэта не \ і далей рэкурсійная пяшчота \ зламаных рук



Застаецца толькі ў памяці аднаўляць \ чаму менавіта рукі \ увага на боль \ увага на страх \ часткі што не збіраюцца ў цэлае \ гарызонт адсунуты за кадр \ змест стрыманага памірання \ адчай як форма жыцця \ выжыванне на асіметрычным дыханні \ задыханні \ адбітак праз цела \ зніклыя аб’екты \ зніклыя суб’екты \ дыспрапорцыя сэнсу \ млоснасць быцця \ нічога незвычайнага \ проста памятаць як памірае адзнака \ нулявая адзнака на чорным \ усё бясплатна непатрэбна нячутна \ за мастацтва ангеданіі абдымкі \ тут немы склад не мой і немы рытм \ дэпрэсіўная адчувальнасць \ дэпрывацыя святла й ценю \ мабыць назаўсёды страчаныя адбіткі мяне \ нікому нічога не трэба \ поўнае горла нуды \ паварот унікуды



Нагадванне пра маскву / кроплі вады на шкле аўтобусу / ехаць дадаму і потым зноў дамоў / людзі што не ўвайшлі нікуды / безнадзейныя ўспаміны што нікуды не выйшлі / кроплі на брудным шкле / выява шматкроць паўтораная / як пераламленне ў тваёй оптыцы / рассакрэчаны сум / адзінота як прынцып руху на працу / безквітковая юнацкасць афарбаваная не нефарбаваная / мільёны людзей у кожным вакне / і ў кожнага свая адзінота / нескладная говарка колаў за вакном / цяплыня млоснасці / і наадварот / назіранне за назіральнікам / немажлівасць прачытання / прыцягненне да шэрага / ацяжаранасць сабой / стомленасць / стамленне / такая ж музыка можна і без яе / у рэшце рэшт проста фактура асфальту / пяршэнне ў горле / глыток колы



Неўсталяваныя канструкцыі электраперадач / прамяністы што рэжуць неба / практыка пазнавання разумення як мастацтва / уменне бачыць за гарызонтам / інтуіцыя работы з прасторай / вось яно неба трэба з ім нешта зрабіць / мантажная арганізацыя біяробатаў у гумавырабах / вось яно неба трэба з ім нешта рабіць / працягнуць праз лясы рэкі палі і дарогі лініі / тоны працы тоны алюмінія тоны шкла / канструкцыі мінулага скіраваныя ў будучыню / гэтая нага электрычнага цела стаілася ў садзе / давай будзем кранаць вывучаць слізгаць па ёй поглядам потым прылепім яе ў бінарную логіку / гэтая канструкцыя такая лёгкая глядзі як яна разрэзала неба / які да чорта сад яна ляжыць тут як дэталь механічнага дыназаўра / гэтае неба надта голае давайце сшыем яму жэлезабетонную вопратку / паэмы што прайшлі скрозь час і вось мы тут узгадваем Каменскага / трохкутнае цела трохкутнае вакно трохкутнікі паўсюль / нязручна цудоўна /пакуль што неабжытая дынаміка не заклапочаная трывога і патэнцыйнае напружанне / але вось ужо бачная ўтылітарнасць што рушыць твой погляд і эмоцыю / бегчы ў сад да дрэваў дзе далёка бачныя трубы ТЭЦ / нікуды не схавацца / курыць на пусты страўнік / слухаць арытмію / неба будзе пацець /будзе пахнуць / але ў ім немагчыма надыхацца / засынаць у цемры

Karen Karnak
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About